Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАМА́НЫ

(Hyracoidea),

атрад млекакормячых. 1 сям., 3 роды: Д. дрэвавыя (Dendrohyrax), Д. горныя, або шэрыя (Heterohyrax), Д. скалістыя, або пустынныя (Procavia). 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі (п-вы Аравійскі, Сінайскі, Сірыя і Палесціна). Жывуць у лясах (Д. дрэвавыя) і ў гарах. Наземныя Д. селяцца калоніямі.

Даўж. цела 30—60 см, маса 1,5—4,7 кг. Вонкавым выглядам нагадваюць грызуноў, але філагенетычна бліжэй да хобатных. Афарбоўка карычнева-шэрая. Хвост даўж. 1—3 см або адсутнічае. Верхняя губа раздвоеная. Пярэднія лапы чатырохпальцавыя, заднія трохпальцавыя з капытападобнымі кіпцюрамі, на падэшве моцны прысосак Пераважна расліннаедныя. Нараджаюць 1—6 дзіцянят.

Даман капскі.

т. 6, с. 25

ДАМА́РА,

нагор’е ў Намібіі; гл. Дамараленд.

т. 6, с. 25

ДАМАРА́Д Канстанцін Ільіч

(7.11.1918, в. Языль Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1955). Скончыў БДУ (1949). У Вял. Айч. вайну ў 1941—43 у органах ваен. разведкі і контрразведкі Зах. фронту. З жн. 1943 у тыле ворага, ў складзе аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, кіраўнік спецгрупы НКДБ БССР «Жнівень», адначасова нам. камандзіра Барысаўска-Бягомльскага партыз. злучэння. У 1944—46 нам. старшыні Мінскага аблвыканкома. У 1956—75 працаваў у БПІ, Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1975—92 у ін-тах гісторыі партыі пры ЦК КПБ, гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю Вял. Айч. вайны, Мінскае гарадское антыфаш. падполле 1941—42. Адзін з аўтараў працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 4—5, 1995).

Тв.:

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Мн., 1959 (з Г.А.Барадачом);

Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;

Разведка и контрразведка в партизанском движении Белоруссии, 1941—1944 гг. Мн., 1995;

Так ли должны писаться военные мемуары? // Воен.-ист. журн. М., 1966, № 11.

т. 6, с. 25

ДАМА́РАЛЕНД

(Damaraland),

Дамара, нагор’е ў цэнтр. ч. Намібіі ў Афрыцы. Ступенямі ўзвышаецца над берагавой пустыняй Наміб. Пераважаюць выш. 1000—1500 м, найб. — 2600 м (г. Брандберг). Клімат трапічны, сухі. Ападкаў 250—500 мм за год. Расліннасць на 3 злакава-хмызняковых пустынь з сукулентамі, на У апустыненая саванна.

т. 6, с. 26

ДАМАРА́ЦКІ Уладзімір Аляксандравіч

(н. 2.9.1946, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел. нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Р.М.Аладава.

т. 6, с. 26

Дамаронак Мікалай Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 376

ДАМА́СК,

араб. Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.

Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст. н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц. франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.

Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст. н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац. б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 26

ДАМА́СКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў Сірыі ў 11—8 ст. да н.э. Вядома з асіра-вавілонскіх і егіп. крыніц і Бібліі. Засн. арамеямі. У пач. 10 ст. падпарадкавана Ізраільскаму царству, з сярэдзіны стагоддзя самастойнае. З канца 10 ст. прэтэндавала на гегемонію ў Сірыі. Найб. магутнасці дасягнула ў пач. 8 ст. да н.э. У 732 да н.э. заваявана Асірыяй.

т. 6, с. 26

ДАМА́СКАЯ СТАЛЬ,

1) тое, што булат.

2) Пругкая і цвёрдая ўзорыстая сталь, якую атрымліваюць кавальскай зваркай сплеценых стальных (з рознай колькасцю вугляроду) палос, або дроту. Назва — ад г. Дамаск, дзе вытв-сць сталі была развіта ў сярэдневякоўі, часткова і ў новы час.

т. 6, с. 26

ДАМА́СКІ ХАЛІФА́Т,

гл. ў арт. Амеядаў халіфат.

т. 6, с. 26