ДАМАРА́ЦКІ Уладзімір Аляксандравіч
(н. 2.9.1946, г. Гомель),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел. нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Р.М.Аладава.
т. 6, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)