РАДЫЕТАКСІ́НЫ,
нізкамалекулярныя біялагічна актыўныя рэчывы рознай прыроды, якія ўтвараюцца ў тканках арганізма пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення. Удзельнічаюць у фарміраванні прамянёвых пашкоджанняў: тармозяць і скажаюць сінтэз ДНК, прыгнятаюць мітозы, выклікаюць аберацыі храмасом, інтэрфазную гібель клетак, змяняюць пранікальнасць біял. мембран, спыняюць рост тканак.
т. 13, с. 229
РАДЫЕХІРУРГІ́Я (ад радые... + хірургія),
метад лячэння злаякасных пухлін чалавека, заснаваны на выкарыстанні прамянёвай тэрапіі ў час аперацыі з выкарыстаннем дыстанцыйнага або ўнутрытканкавага апрамянення пухліны (ці яе ложа). Узнікла ў сувязі з абмежаванымі магчымасцямі выкарыстання дыстанцыйнага апрамянення глыбока размешчаных пухлін. У аперабельных выпадках пухліна выдаляецца, пасля чаго ў тканкі, якія складаюць ложа пухліны, а таксама па шляхах лімфаадтоку ўводзяць кобальт (60Co), каліфорній (252Cf, ірыдый (192Ir), ёд (125I) і інш. Пры немагчымасці правядзення аперацыі забяспечваецца доступ да пухліны (хірург. шляхам), увядзенне ў яе гэтых прэпаратаў; праз некалькі дзён прэпараты дастаюць. Пры Р. ў час аперацыі таксама ўводзяць радыеактыўныя прэпараты з дапамогай мікраселектрона. Выкарыстоўваецца аднаразовае дыстанцыйнае апрамяненне (з дапамогай апаратаў блізкафокуснай рэнтгенатэрапіі). Прапанавана выкарыстанне высокаэнергет. электронаў, якія генерыруюцца лінейнымі або цыклічнымі паскаральнікамі. Метады Р. маюць рэальную магчымасць мінім. апрамянення нармальных тканак і макс. апрамянення пухлін і зон рэгіянарных метастазаў шляхам рэгулявання энергіі электроннага пучка і выкарыстання тубусаў або спец. фарміруючых блокаў, што зніжае частату мясц. рэцыдываў і пасляаперацыйных ускладненняў у анкалагічных хворых.
Літ.:
Козлова А.В. Лучевая терапия злокачественных опухолей. М. 1976;
Голдобенко Г.Г., Чехонадский В.Н., Ожерельев А.С. Интраоперационное облучение злокачественных опухолей // Мед. радиология. 1989. Т. 34, № 9;
Coquard R. et al. Intraoperative radiotherapy in resected pancreatic cancer: feasibility and results // Radiotherapy and oncology. 1997. Vol. 44.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 230
РА́ДЫЁ (ад лац. radio выпрамяняю),
спосаб перадачы інфармацыі з дапамогай радыёхваль. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца з 1920-х г.
7.5.1895 А.С.Папоў прадэманстраваў Рускаму фіз.-хім. т-ву маланкаадзначнік (разрадаадзначнік) — першы ў свеце радыёпрыёмнік. У 1896 Г.Марконі таксама выкарыстаў эл.-магн. ваганні для радыёсувязі (перадатчык і прыёмнік Марконі паўтаралі прынцып апаратаў Папова). Першы перыяд развіцця Р. характарызаваўся выкарыстаннем іскравых тэлегр. радыёперадатчыкаў. У пач. 20 ст. з’явіліся дугавыя і машынныя генератары высокай частаты. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць атрымліваць эл.-магн. ваганні розных частот, узмацняць іх і выконваць пераўтварэнні ваганняў для перадачы сігналаў любой формы і складанасці, што стала пачаткам радыёвяшчання. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася выкарыстанне электронных і паўправадніковых прылад. Тэхніка высокачастотных ваганняў шырока ўкаранілася ў розныя галіны навукі, тэхнікі, прам-сці, дала магчымасць стварыць самастойныя галіны: радыёастраномію, радыёлакацыю, радыёнавігацыю, тэлебачанне і інш.
А.Л.Ткачэнка.
т. 13, с. 230
РАДЫЁ...,
частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны іх да радыё, напр., радыёхвалі.
т. 13, с. 230
РАДЫЁАМА́ТАРСКАЯ СУ́ВЯЗЬ,
непрафесійная радыёсувязь у тэлегр. ці тэлеф. рэжыме. Ажыццяўляецца з мэтай эксперым. даследаванняў з прыёмна-перадавальнай апаратурай, антэнай і інш., правядзення спарт. спаборніцтваў (гл. Радыёспорт), устанаўлення сувязі з радыёаматарамі і інш. Дыяпазоны хваль для Р.с. выдзяляюцца ў адпаведнасці з рэгламентам радыёсувязі.
т. 13, с. 230
РАДЫЁАСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраноміі, які вывучае нябесныя целы па іх радыёвыпрамяненні. Узнікненне Р. звязана з адкрыццём радыёвыпрамянення нашай Галактыкі на хвалі 14,7 м (1931, амер. радыёінж. К.Янскі). Паводле аб’ектаў даследавання Р. падзяляюць на галактычную (вывучае аб’екты нашай Галактыкі) і пазагалактычную. Аб’ектамі даследавання з’яўляюцца Сонца (гл. Радыёвыпрамяненне Сонца), міжпланетнае асяроддзе, міжзорнае асяроддзе. Метадамі Р. адкрыты новыя віды крыніц касм. эл.-магн. выпрамянення: у нашай Галактыцы — рэшткі звышновых зорак (напр., Крабападобная туманнасць), пульсары, вобласці вадароду HII і інш., пазагалактычныя — радыёгалактыкі, квазары, а таксама рэліктавае выпрамяненне.
Касм. радыёвыпрамяненне даследуюць пры дапамозе радыётэлескопаў, высокая адчувальнасць і раздзяляльная здольнасць якіх перавышаюць магчымасці аптычных тэлескопаў. На аснове буйных радыётэлескопаў створана глабальная радыёінтэрферэнцыйная сетка (раздзяленне вышэй за 0,001"). Дыяпазон наземных радыёастр. назіранняў вызначаецца празрыстасцю зямной атмасферы (даўж. хваль ад 1 мм да 30 м); для радыётэлескопаў на ШСЗ гэты дыяпазон значна шырэйшы. Вымяральнай велічынёй у Р. з’яўляецца прырашчэнне колькасці выпрамянення пры навядзенні радыётэлескопа на аб’ект. Радыёвыпрамяненне касм. аб’ектаў вызначаецца механізмам выпрамянення, умовамі генерацыі і распаўсюджвання радыёхваль, энергіяй выпраменьвальных часціц і магн. поля. Неперарыўнае выпрамяненне касм. крыніц абумоўлена сінхратронным і цеплавым механізмам (гл. Сінхратроннае выпрамяненне, Цеплавое выпрамяненне), выпрамяненне ў вузкіх лініях — пераходамі паміж узроўнямі энергіі атамаў і малекул. Устаноўлена, што працяглыя кампаненты крыніц радыёвыпрамянення, звязанага з радыёгалактыкамі, — гэта намагнічаныя воблакі разрэджанага газу, напоўненыя касмічнымі прамянямі. Р. мае практычнае дастасаванне ў навігацыі, пасіўнай лакацыі, антэннай тэхніцы і інш. Гл. таксама Радыёлакацыйная астраномія.
Літ.:
Галактическая и внегалактическая радиоастрономия: Пер. с англ. М., 1976;
Матвеенко Л.И. Радиоастрономия. М., 1977 (Астрономия. Т. 13);
Апушкинский Г.П. Методы радиоастрономии. Л., 1979.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 230
РАДЫЁБА́ЧАННЕ,
атрыманне з дапамогай радыёхваль бачнага відарыса ўнутр. будовы аб’екта, непразрыстага для аптычнага выпрамянення, а таксама аб’ектаў, якія знаходзяцца ў аптычна непразрыстым асяроддзі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёінтраскопаў. Засн. на ўздзеянні радыёхваль на некаторыя люмінафоры, якія змяняюць інтэнсіўнасць свячэння, на паўправадніковыя і вадкія крышталі, фотаплёнкі і інш. У Р. выкарыстоўваюць метад сканіравання даследуемага аб’екта.
т. 13, с. 230