Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА,

цэнтральны орган цывільнай паўстанцкай улады ў Польшчы ў час паўстання 1794. Утворана Д.Касцюшкам 28.5.1794 у Варшаве. У яе склад уваходзілі начальнік паўстання (Касцюшка), 8 радцаў і 32 намеснікі радцаў. Падзялялася на 8 аддзелаў: парадку, бяспекі, юстыцыі. скарбу, харчавання, вайсковых патрэб, замежных інтарэсаў, нац. інструкцыі. Складалася са шляхты і мяшчан, сярод іх былі прадстаўнікі прагрэсіўнага шляхецка-буржуазнага блока (Г.Калантай, І.Патоцкі, І.Закшэўскі). Паміж рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі») і памяркоўнымі рэфарматарамі ўвесь час ішла паліт. барацьба. 12.10.1794 пасля паланення Касцюшкі рада прызначыла начальнікам паўстання Т.Ваўжэцкага. Спыніла сваю дзейнасць 4.11.1794 перад капітуляцый Варшавы войску А.В.Суворава.

А.П.Грыцкевіч.

т. 11, с. 129

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел. паліт. к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац. паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.

А.М.Сідарэвіч.

т. 11, с. 129

НА́ЙГРЫШ,

назва народнай інструментальнай мелодыі, характар якой вызначаецца яе жанрам (песенны, танц., сігнальны), акустыка — выразнымі магчымасцямі інструмента і асаблівасцямі мясц. выканальніцкай традыцыі.

І.Дз.Назіна.

т. 11, с. 129

НАЙДА́,

возера ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 15 км на ПдУ ад г. Жыткавічы. Пл. 0,21 км², даўж. 580 м, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 1,7 км. Схілы катлавіны выш. 2—5 м, спадзістыя, пясчаныя, разараныя, на Пн участкамі пад хмызняком. Берагавая лінія слабазвілістая. Дно выслана крэменязёмістым сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Праз возера пракладзены канал.

т. 11, с. 129

НАЙДА́-БЯЛЁЎСКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 33 км. Пачынаецца за 5 км на ПнУ ад в. Бялёў, вусце за 5,5 км на ПнЗ ад в. Хлупін. Прытокі — меліярац. каналы, у т. л. Найда-Бялёўскі 1-ы.

т. 11, с. 129

НАЙДЗЁНАЎ (Мікалай Васілевіч) (10.4.1886, Масква — 19.6.1945),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), д-р с.-г. н. (1938), праф. (1922). Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1911). З 1911 у Горы-Горацкім с.-г. вучылішчы, з 1922 у БСГА. З 1943 у АН Беларусі (у Маскве), з 1944 у Кішынёўскім с.-г. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па метадах вырошчвання маладняку буйн. раг. жывёлы ў розных умовах, нормах і рацыёнах кармлення с.-г. жывёл, матэм. метадах аналізу біялогіі росту маладняку буйн. раг. жывёлы.

Тв.:

Закономерности в росте молодняка крупного рогатого скота и свиней // Зап. Бел. гос. акад. сел. хоз-ва. Горки, 1928. Т. 7;

Аналитическая формулировка кормовых норм // Тр. Бел. с.-х. ин-та. Горки, 1939. Т.6, вып. 2.

М.В.Найдзёнаў.

т. 11, с. 129

НАЙДЗЁНАЎ (сапр. Аляксееў) Сяргей Аляксандравіч

(26.9.1868, г. Казань, Расія — 5.12.1922),

рускі драматург. Скончыў Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1889). У 1889—93 акцёр на правінцыяльнай сцэне. У першай п’есе на аўтабіягр. аснове «Дзеці Ванюшына» (паст. 1901) карціна расколу ў асяроддзі рас. купецтва, выкліканага развіццём капіталіст. адносін. У п’есах «Нумар трынаццаты» (1903), «Аўдоціна жыццё» (паст. 1904), «Сцены» (1907), «Раман цёці Ані» (1912), «Работніца» (1915) і інш. паказаў маральную раз’яднанасць людзей у капіталіст. грамадстве. Аўтар п’есы пра рэвалюцыю 1905 «Масква: Сцэны з маскоўскага жыцця 1905 г.» (нап. 1921). Яго драматургіі ўласцівы імкненне ўвасабляць сац. праблемы ў форме інтымнай псіхал. драмы, дынамічнасць у развіцці канфлікту, тонкасць і лаканізм псіхал. характарыстык. П’еса «Дзеці Ванюшына» пастаўлена ў Бел. дзярж. т-ры імя Я.Коласа (1938), Гродзенскім абл. драм. т-ры (1948), Рускім дзярж. драм. т-ры Беларусі (1948 і 1971).

Тв.:

Дети Ванюшина. М., 1955.

Літ.:

Чернышев А.А. Путь драматурга: С.А.Найденов. М., 1977.

т. 11, с. 129

НАЙМА́ЛЬНІК у праве,

бок у дагаворы маёмаснага найму. Паводле прац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь Н. — гэта таксама бок працоўнага дагавору, якім з’яўляюцца прадпрыемства, установа, арг-цыя, т-ва, кааператыў, незалежна ад наймення і формы ўласнасці (іх аб’яднанні і адасобленыя падраздзяленні), а таксама прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы і грамадзяне, якім заканадаўствам дадзена права заключаць і спыняць прац. дагаворы з работнікамі.

т. 11, с. 129

НА́ЙМАРК (Лайзер Бенцыянавіч) (26.9.1912, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 13.2.1994),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1982). Скончыў Бел. с.-г. ін-т (1934). У 1949—92 у БСГА. Навук. працы па агратэхніцы вырошчвання зернебабовых культур.

Тв.:

Интенсивные технологии возделывания зерновых и зернобобовых культур в условиях БССР: Сб. науч. тр. Горки, 1989 (у сааўт.).

т. 11, с. 129

НАЙМЕ́НШАГА ДЗЕ́ЯННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асн. варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле Н.дз.п. з дадзенага класа рухаў мех. сістэмы ажыццяўляецца такі, для якога фіз. велічыня, якая наз. дзеяннем (гл. Дзеянне ў фізіцы), мае мінімум. Выкарыстоўваецца для атрымання ўраўненняў руху мех. сістэмы і даследавання агульных уласцівасцей гэтых рухаў. Пры пэўных абагульненнях паняццяў Н.дз.п. дастасуецца таксама да рашэння задач механікі неперарыўных асяроддзяў, электрадынамікі, квантавай механікі і інш.

т. 11, с. 130