НАЙДЗЁНАЎ (сапр. Аляксееў) Сяргей Аляксандравіч

(26.9.1868, г. Казань, Расія — 5.12.1922),

рускі драматург. Скончыў Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1889). У 1889—93 акцёр на правінцыяльнай сцэне. У першай п’есе на аўтабіягр. аснове «Дзеці Ванюшына» (паст. 1901) карціна расколу ў асяроддзі рас. купецтва, выкліканага развіццём капіталіст. адносін. У п’есах «Нумар трынаццаты» (1903), «Аўдоціна жыццё» (паст. 1904), «Сцены» (1907), «Раман цёці Ані» (1912), «Работніца» (1915) і інш. паказаў маральную раз’яднанасць людзей у капіталіст. грамадстве. Аўтар п’есы пра рэвалюцыю 1905 «Масква: Сцэны з маскоўскага жыцця 1905 г.» (нап. 1921). Яго драматургіі ўласцівы імкненне ўвасабляць сац. праблемы ў форме інтымнай псіхал. драмы, дынамічнасць у развіцці канфлікту, тонкасць і лаканізм псіхал. характарыстык. П’еса «Дзеці Ванюшына» пастаўлена ў Бел. дзярж. т-ры імя Я.Коласа (1938), Гродзенскім абл. драм. т-ры (1948), Рускім дзярж. драм. т-ры Беларусі (1948 і 1971).

Тв.:

Дети Ванюшина. М., 1955.

Літ.:

Чернышев А.А. Путь драматурга: С.А.Найденов. М., 1977.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)