ГО́РНЫ КАМБА́ЙН,
камбінаваная машына для адначасовага аддзялення ад масіву карыснага выкапня, здрабнення і пагрузкі яго на трансп. сродкі (канвееры, ваганеткі, самаходныя вагоны). Горныя камбайны для здабычы карысных выкапняў наз. здабыўнымі, для правядзення горных вырабатак — праходчымі.
Здабыўныя горныя камбайны выкарыстоўваюць у доўгіх (100—400 м) ачышчальных забоях пры выемцы вугалю, калійнай солі і інш. Ёсць іх разнавіднасці для работы на пакатых (0—25°), нахіленых (25—45°) і крутых (45—90°) пластах; па глыбіні захопу падзяляюцца на вузказахопныя (0,5—1 м) і шыроказахопныя (1,5—2 м). Маюць рабочыя органы ў выглядзе бараў (разбураюць забой ланцугамі з разцамі), барабанаў і шнэкаў (з разцамі на перыферыі), буравых каронак (праразаюць у забоі шчыліны з далейшым іх сколваннем ламальнікамі). Пагружаюць горную масу шнэкамі, пагрузчыкамі, лемяшамі. Уздоўж лавы камбайн перасоўваецца спец. механізмам. Праходчыя горныя камбайны працуюць у кароткіх забоях горных вырабатак па пародзе (палявыя вырабаткі), па карысным выкапні (пластавыя вырабаткі) і па змешаным масіве. Іх рабочыя органы: паваротная страла з рэжучай каронкай, ротар са знешнім і ўнутраным бурамі, планетарныя разцовыя дыскі. Горную масу загружаюць шнэкамі і скрабалкавымі канвеерамі.
Літ.:
Машины и оборудование для угольных шахт: Справ. 4 изд. М., 1987;
Солод В.И., Зайков В.И., Первов К.М. Горные машины и автоматизированные комплексы. М., 1981.
П.Я.Антонаў.
т. 5, с. 364
ГО́РНЫ КЛІ́МАТ,
кліматычныя асаблівасці горных мясцовасцей. Залежаць ад вышыні над узроўнем мора і рэзкай кантрастнасці прыродных умоў на невял. прасторы. Адрозніваюць горны клімат на вышыні да 2—3 км і высакагорны клімат. Агульныя асаблівасці горнага клімату: паніжаны атм. ціск, павышаная інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі, у т. л. ультрафіялетавых прамянёў, чысціня паветра (па-за межамі горных катлавін), паніжаныя т-ра і абсалютная вільготнасць паветра, павелічэнне з вышынёй (да пэўнай мяжы) колькасці ападкаў, наяўнасць горна-далінных вятроў.
т. 5, с. 364
ГО́РНЫ КРЫШТА́ЛЬ,
мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць нізкатэмпературнай мадыфікацыі кварцу — SiO2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Трапляецца ў пустотах і «крышталяносных скляпах» у пегматытах, у жылах гідратэрмальных і альпійскага тыпу ў выглядзе адзінкавых крышталёў, іншы раз друзаў. Вядомы крышталі горнага крышталю масай да 1 т і больш. Выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы, вытв-сці шкла, ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, на Украіне, у Кітаі, Бразіліі, М’янме, Шры-Ланцы і інш.
т. 5, с. 364
ГО́РНЫ МАСІ́Ў,
ізаляваны ўчастак гор, які мае амаль аднолькавую даўжыню і шырыню і вызначаецца адносна слабай расчлянёнасцю. Могуць быць тэктанічнага і вулканічнага паходжання (напр., Эльбрус у гарах Каўказа, Татры ў Карпатах).
т. 5, с. 365
ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.
С.У.Скаруліс.
т. 5, с. 365
ГО́РНЫ ПРАХО́Д,
скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.
т. 5, с. 365
ГО́РНЫ ЎДА́Р,
раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).
т. 5, с. 365
ГО́РНЫ ХРЫБЕ́Т,
лінейна выцягнутая горная форма рэльефу са схіламі, павернутымі ў процілеглыя бакі. Характэрна значная даўжыня і добра выражаная вось, пераважна ў выглядзе лініі водападзелу, уздоўж якой знаходзяцца найб. значныя вяршыні (гл. Горны грэбень). Вось хрыбта, у залежнасці ад асаблівасці развіцця і літалагічнага складу горных парод можа мець вастраверхую, купалападобную ці плоскавяршынную форму. Ад суседніх хрыбтоў аддзяляецца горнымі далінамі, унутрыгорнымі катлавінамі. Тэрмін «хрыбет» можа ўваходзіць у назву вял. горнай краіны, якая мае некалькі асобных хрыбтоў (напр., Верхаянскі хр., хр. Чэрскага ва Усх. Сібіры, Аляскінскі хрыбет у Паўн. Амерыцы).
т. 5, с. 365
ГО́РНЫ ЦІСК,
збіральнае паняцце ў горнай геамеханіцы, якое аб’ядноўвае сукупнасць сілавых палёў, што фарміруюцца ў нетрах Зямлі як вынік натуральных і вытв. уздзеянняў. Гал. ўзбуджальнік горнага ціску — гравітацыя; у меншай ступені фарміруецца за кошт тэктанічных сіл і змены т-ры верхніх слаёў зямной кары, а таксама вытв. дзейнасці па здабычы карысных выкапняў, буд-ва падземных і наземных збудаванняў. Выклікае дэфармаванне масіву горных парод, вядзе да горных удараў і раптоўных выкідаў.
т. 5, с. 365