СКУРКО́ (Віталь Васілевіч) (23.9.1933, в. Ойценава Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.2000),
бел. вучоны ў галіне механікі і педагог. Канд. тэхн. н. (1968), праф. (1993). Скончыў БПІ (1956). У 1956—73 на інж.-тэхн. і н.-д. рабоце ў АН Беларусі і ін-це «Белдзіпраторф». З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1975—2000 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях механізацыі здабычы торфу, праблемах выкладання нарысоўнай геаметрыі і інж. графікі ў ВНУ радыёэлектроннага профілю.
Тв.:
Инженерная графика: Элементы машинной графики. Ч. 1. Мн., 1991 (у сааўт.);
Злучэнні дэталей у прыборах РЭА і ЭВА: Альбом вучэб. чарцяжоў. Мн., 1996 (у сааўт.).
А.І.Болсун.
т. 14, с. 483
СКУРКО́ (Іосіф Уладзіміравіч) (24.2.1938, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 2.7.1989),
бел. паэт, кінадраматург, перакладчык. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у апараце СМ Беларусі. У 1974—89 на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1962. Аўтар зб. лірыкі «Бацькоўскі парог» (1973). Вершы С. вылучаюцца мілагучнасцю і меладычнасцю, прасякнуты грамадз. пафасам, любоўю да роднага краю; на многія з іх напісаны песні. Напісаў сцэнарый дакумент. фільма «Драўгістэ — дружба». На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.Бокава, Б.Кежуна, А.Твардоўскага, К.Шавялёвай, М.Нагнібеды, К.Галчынскага і інш.
Тв.:
Весніцы: Вершы, песні. Мн., 1990.
Літ.:
Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.
І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 483
СКУРЫСТАКРЫ́ЛЫЯ, вухавёрткі (Dermaptera),
атрад насякомых. Каля 1300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вядомы з пермскага перыяду. Вільгаце- і цеплалюбівыя. Актыўныя пераважна ноччу. На Беларусі найб. трапляюцца вухавёрткі: агародная (Forficula tomis) і звычайная (F. auricularia).
Даўж. 3,5—50 мм. Цела прадаўгаватае, цёмнае, з 2 клешчападобнымі прыдаткамі на канцы брушка. Ротавы апарат грызучы. Пярэднія крылы цвёрдыя, укарочаныя, заднія шырокія, перапончатыя, часта адсутнічаюць. Ператварэнне няпоўнае. Кормяцца жывёльнымі і расл. рэшткамі. Некат. шкодзяць с.-г. культурам.
т. 14, с. 483
СКУ́ТЭР (англ. scooter ад scoot імчацца),
аднамеснае гоначнае судна з падвесным маторам адвольнай канструкцыі, але з поршневым рухавіком і без наддуву. Мае ў плане форму трох- ці чатырохвугольніка, днішча плоскае з рэданам (уступ для стварэння пад’ёмнай сілы, пад уздзеяннем якой судна пачынае слізгацець па паверхні вады — глісіраваць). Тэрмін «С.» быў прыняты толькі ў СССР; з’явіўся ў 1928 пасля пабудовы моталодкі па замежным праекце, што меў назву «Scooter».
т. 14, с. 483
СКЭБ (ад англ. scab кароста),
лаянкавае прозвішча штрэйкбрэхераў у Англіі, ЗША.
т. 14, с. 483
СКЮДЭРЫ́ (Scudéry, Scudéri) Мадлен дэ (15.10.1607, г. Гаўр, Францыя — 2.6.1701), французская пісьменніца; прадстаўніца прэцыёзнай літаратуры. З 1630 у Парыжы, дзе заснавала арыстакратычны літ. салон, які стаў цэнтрам прэцыёзнага руху. Аўтар галантна-гераічных раманаў «Ібрагім, або Вялікі паша» (1641), «Артамен, або Вялікі Кір» (т. 1—10, 1649—53), «Клелія, або Рымская гісторыя» (т. 1—10, 1654—61), баек, вершаў і інш., у цэнтры якіх кодэкс прэцыёзнай маралі, вытанчанага густу, галантных пачуццяў і паводзін. Яе творы адзначаны майстэрствам сюжэтапабудовы, маляўнічасцю стылю, рысамі псіхалагізму і дыдактызму.
Літ.:
Гончар М.О. Концепция романа у М. де Скюдери // XVII век в диалоге эпох и культур. СПб., 2000.
Г.В.Сініла.
т. 14, с. 483