Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,

збор звестак аб прыродных умовах рэкрэацыйнай і аздараўленча-лячэбнай каштоўнасці тэр. і аб’ектаў, якія прызначаны для арганізацыі масавага адпачынку і аднаўлення здароўя людзей. Уключае даныя аб пейзажна-эстэтычнай годнасці і сан.-гігіенічных уласцівасцях аб’ектаў, складанасці і працягласці пешаходных, водных, транспартных турысцкіх маршрутаў і іх даступнасці для розных катэгорый адпачываючых, аддаленасць ад асн. культурных і прамысл. цэнтраў і інш. Пры комплекснай сан.-гігіенічнай ацэнцы аб’ектаў улічваюцца кліматычныя, геолага-геамарфал., глебавыя, гідралагічныя ўмовы, расліннасць, узровень урбанізацыі, эстэтычнасць пейзажу. На Беларусі Р.к. складзены па абласцях.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),

дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.

Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.

Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн. га тэр. (1999).

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

РЭКС (ад лац. rex цар),

парода караткашэрсных трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1919 у Францыі. Больш за 20 каляровых варыяцый: Р.-шыншыла, Р.-матылёк, блакітны, рыжы і інш. Выкарыстоўваецца для вырабу футра «пад коцік». Канстытуцыя кволая, пераразвітая. Тулава падоўжанае, з крыху гарбатай спінаю. Сярэдняя маса 4,4 кг. Валасяное покрыва шчыльнае. Плоднасць 5—6 трусянят за год.

т. 13, с. 572

РЭ́КТА,

вёска ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Проня, каля аўтадарогі Горкі—Орша. Цэнтр. сельсавета і аграгандл. прадпрыемства «Горацкае». За 5 км на ПнЗ ад г. Горкі, 90 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 652 ж., 223 двары (2001). Базавая і мастацтваў школы, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 13, с. 572

РЭ́КТА,

вёска ў Луцкім с/с Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр. саўгаса. За 17 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Жлобін, 100 км ад Гомеля. 785 ж., 284 двары (2001). Пач. школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 572

РЭ́КТА,

вёска ў Свенскім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Слаўгарад — Доўск. Цэнтр калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Слаўгарад, 95 км ад Магілёва, 55 км ад чыг. ст. Рагачоў. 399 ж., 124 двары (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 572

РЭ́КТАР (лац. rector кіраўнік),

кіраўнік універсітэта і некат. вышэйшых навуч. устаноў, таксама духоўнай навуч. установы.

т. 13, с. 572

РЭКТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. rectificatio выпрамленне ад лац. rectus прамы, правільны + facio раблю),

раздзяленне гамагенных вадкіх сумесей на састаўныя часткі. Засн. на дыфузійным абмене кампанентаў паміж паравой і вадкай фазамі (гл. Дыстыляцыя). Суправаджаецца міжфазавым цеплаабменам. Адрозніваюць Р. двух- і шматкампанентных сумесей; ажыццяўляюць бесперапынна ці перыядычна.

Для Р. выкарыстоўваюць калонныя апараты (рэктыфікацыйныя калоны), у якіх адбываецца шматразовы кантакт паміж патокамі вадкай і паравой фаз, што рухаюцца проціцёкам. Пры бесперапыннай Р. нагрэтая зыходная сумесь бесперапынна падаецца ў сярэднюю частку калоны, дзе з яе выпарваюцца нізкакіпячыя кампаненты. Пара падымаецца ўверх па калоне, на рэктыфікацыйных талерках яна кантактуе з вадкасцю (флегмай), якая паступае зверху ўніз, узбагачаецца нізкакіпячымі кампанентамі і паступае ў дэфлегматар (кандэнсатар). Частка дыстыляту з дэфлегматара (флегма) вяртаецца ў калону на арашэнне, астатні дыстылят праз халадзільнік адпампоўваецца ў ёмістасці гатовай прадукцыі. Пры Р. шматкампанентных сумесей гатовыя прадукты адбіраюць на рознай вышыні верхняй паловы калоны (напр., пры Р. нафты зверху адбіраюць бензін, ніжэй газу і яшчэ ніжэй дызельнае паліва). Вадкая фаза сумесі, што паступае ў калону, сцякае з рэктыфікацыйных талерак уніз, пры гэтым яна ўзбагачаецца высокакіпячымі кампанентамі з пары (лёгкакіпячыя кампаненты паступаюць у пару), якая падымаецца з куба-выпаральніка, і адводзіцца з калоны (частка вадкасці ў выглядзе пары зноў паступае ў калону). Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. і нафтаперапрацоўчай прам-сці.

Літ.:

Жаров В.Т. Серафимов Л.А. Физико-химические основы дистилляции и ректификации. Л., 1975;

Петлюк Ф Б., Серафимов Л.А. Многокомпонентная ректификация: Теория и расчет. М., 1983.

Ю.​Р.​Егіязараў.

Схема ўстаноўкі бесперапыннай рэктыфікацыі: 1 — куб-выпаральнік; 2 — рэктыфікацыйная калона (а — рэктыфікацыйная талерка, б — зліўная шклянка); 3 — дэфлегматар; 4 — халадзільнік.

т. 13, с. 572

РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ ЗЯМЕ́ЛЬ (ад рэ...+ культывацыя),

комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні гасп. каштоўнасці і прадукцыйнасці зямель, пашкоджаных эрозіяй, пры здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў, геолагаразведачных, буд. і інш. работах. Важная састаўная ч. рэкультывацыі ландшафтаў.

Асн. кірункі Р.З.: с.-г. (стварэнне ворных зямель, сенажацей, пашаў, садоў), лесагасп. (лесапасадкі эксплуатац., азеляняльнага, глебаахоўнага водаахоўнага прызначэння), водагасп. (стварэнне сажалак, Вадасховішчаў, водна-спарт. комплексаў), жыллёвае і прамысл. буд-ва на парушаных землях. Праводзіцца ў 2 этапы: горнатэхн. (планіровачныя работы, фарміраванне адхонаў, выемак і адвалаў, пакрыццё парушаных зямель глебавым покрывам, меліярац. работы, буд-ва дарог) і біял. (аднаўленне ўрадлівасці зямель, стварэнне с.-г. і лясных угоддзяў, фарміраванне ландшафтаў, спрыяльных для жыццядзейнасці чалавека).

На Беларусі зацверджана зямельным заканадаўствам і абавязковая для ўсіх гасп. устаноў, якія выконваюць работы, звязаныя з парушэннем глебавага покрыва; састаўная ч. мерапрыемстваў у сістэме аховы прыроды і рацыянальнага прыродакарыстання. Найб. плошчы парушаны торфараспрацоўкамі, здабычай нярудных карысных выкапняў, нафты, калійных солей, буд-ва дарог, газа- і нафтаправодаў. У 1985 рэкультывавана 12 тыс. га, у 1995—6, у 1999—3 тыс. га зямель.

т. 13, с. 573

РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ ЛАНДША́ФТАЎ,

комплекс работ па аднаўленні гасп., эстэт., медыка-біял. і інш. каштоўнасцей ландшафтаў, парушаных антрапагенным уздзеяннем. Уваходзіць у сістэму мерапрыемстваў па рацыянальным прыродакарыстанні і ахове прыроды. Вылучаюць горнатэхн., біял. і буд. этапы рэкультывацыі. Горнатэхнічная рэкультывацыя (планіроўка паверхні, пракладка дарог і інш.) накіравана на аднаўленне абіятычнага субстрату для стварэння асновы для наступнага этапу рэкультывацыі. Біялагічная рэкультывацыя (павышэнне ўрадлівасці глеб, сяўба с.-г. культур, лесанасаджэнні і інш.) уключае с.-г., водагасп., лесагасп. і рыбагаспадарчыя мерапрыемствы. Будаўнічая рэкультывацыя — стварэнне спец. збудаванняў. У выніку рэкультывацыі фарміруюцца ўстойлівыя, прадукц. і аптымальна арганізаваныя ландшафты, адбываецца пераўтварэнне парушаных прыродных ландшафтаў у культурныя, якія забяспечваюць асяроддзе, спрыяльнае для жыццядзейнасці людзей, узнаўленне прыродных рэсурсаў. На Беларусі Р.л. праводзіцца на плошчах б. торфараспрацовак, здабычы нярудных карысных выкапняў, будовы дарог, газа- і нафтаправодаў і інш. Гл. таксама Ландшафт геаграфічны.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 573