Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЛЯСНА́, Гразь, Гнойніца,

рака ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Раста (бас. р. Дняпро). Даўж. 24 км. Вадазбор у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны, пл. 64 км². Пачынаецца за 1,4 км на ПнУ ад в. Халмы, вусце за 1 км на З ад в. Вайнілы. Рэчышча на працягу 9,6 км (ад в. Благавічы да вусця) каналізаванае.

т. 12, с. 440

«ПЛЯСУ́ХА»,

бел. нар. сольны танец імправізацыйнага характару. Наз. таксама «Плясавая», «П.-рассядуха». Муз. памер ​2/4. Тэмп ад павольнага да вельмі хуткага. Пабудаваны на разнастайных прысядачных рухах (таму наз. і «П.-рассядуха») і дробатах з суправаджэннем пляскання ў далоні. Танец часам суправаджаецца кароткімі, часцей чатырохрадковымі прыпеўкамі. Сустракаюцца варыянты «П.», якія выконваюцца пад «Барыню». Мяркуюць, што танец запазычаны ў пач. 20 ст. ў перасяленцаў з Расіі. Зафіксаваны ў Гомельскай вобл.

т. 12, с. 440

ПЛЯТ (Расціслаў Янавіч) (13.12.1908, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.6.1989),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Вучыўся на драм. курсах пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага. З 1927 акцёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Завадскага, з 1938 — Т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1941 — Маскоўскага т-ра драмы, з 1943 — Т-ра імя Массавета. Яго творчасць вылучалася шырокім артыстычным дыяпазонам, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення, інтэлектуальнасцю, іранічнасцю. Сярод роляў: Крогстад («Нора» Г.​Ібсена, 1939, 1959), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, 1941), Нінкавіч («Пані міністэрша» Б.​Нушыча, 1946), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці, 1963), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.​Шоу, 1964), Барлей Купер («Далей — цішыня» В.​Дэльмар, 1969), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага, 1980) і інш. З 1938 здымаўся ў кіно: «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Масква—Генуя» (1964), «Іду на навальніцу» (1966), «Пасляслоўе» (1984), у тэлефільмах «Ўся каралеўская раць» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш. Аўтар кн. «Без эпілога» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1982.

Літ.:

Р.​Я.​Плятт: Воспоминания друзей и коллег. М., 1994.

Л.​В.​Календа.

Р.Я.Плят.

т. 12, с. 441

ПЛЯТНЁЎ (Міхаіл Васілевіч) (н. 14.4.1957, г. Архангельск, Расія),

расійскі піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1979), з 1981 у ёй выкладае. Вучань Я.Фліера, Л.​Уласенкі і інш. З 1978 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1990 заснавальнік, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Рас. нац. сімф. аркестра. У рэпертуары творы кампазітараў розных эпох і стыляў, асабліва вылучаюцца інтэрпрэтацыі П.​Чайкоўскага. Яго выканальніцтва адметнае бліскучай віртуознасцю, багаццем тэмбравай палітры, арганізаваным і адначасова гнуткім рытмам, яснасцю выканальніцкай задумы. Аўтар муз. твораў розных жанраў. «Гран пры» конкурсу муз. моладзі (Парыж, 1974), 1-я прэмія V Усесаюзнага конкурсу піяністаў (Ленінград, 1977), 1-я прэмія Міжнар. конкурсу піяністаў імя Чайкоўскага (Масква, 1978). Дзярж. прэміі Расіі 1982, 1995.

т. 12, с. 441

ПЛЯТНЁЎ (Пётр Аляксандравіч) (21.8.1792, г. Цвер, Расія — 10.1.1866),

рускі паэт, крытык. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу. У 1832—49 праф. рус. славеснасці, у 1840—61 рэктар Пецярбургскага ун-та. У 1838—46 выдавец і рэдактар час. «Современник». Паэзія П. развівалася пераважна ў рэчышчы элегічнага кірунку, у традыцыях В.​Жукоўскага, К.​Бацюшкава. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Нататка пра творы Жукоўскага і Бацюшкава» (1822), «Шэкспір» (1837), «Чычыкаў, або Мёртвыя душы Гогаля» (1842) і інш. Адзін з першых у Расіі звярнуўся да жанру біягр. нарыса: «А.​С.​Пушкін» (1838), «Я.​А.​Баратынскі» (1844), «Жыццё і творы І.​А.​Крылова» (1847), «Пра жыццё і творы В.​А.​Жукоўскага» (1852). Сябраваў з Жукоўскім, М.​Гогалем, А.​Пушкіным, які прысвяціў яму раман «Яўген Анегін».

Тв.:

Статьи. Стихотворения. Письма. М., 1988.

т. 12, с. 441

ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Адам Антоні Ануфры

(15.6.1790, г. Краслава, Латвія — 13.1.1862),

краязнавец, археолаг, калекцыянер. З роду Плятэраў. Скончыў Віленскі ун-т (1817). Куратар школ Дынабургскага пав. Віцебскай губ., з 1836 маршалак Дынабургскага пав. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі (1856). У выніку падарожжаў па Зах. Дзвіне апісаў помнікі архітэктуры, археалогіі, гіст. мясціны, Барысавы камяні. Вывучаў пахаванні на балцка-славянскім сумежжы. Друкаваўся ў час. «Атэнэум», «Рубон», «Przyjaciel ludu» («Сябар народу») і інш. Пісаў пра самабытнасць краю, мясц. абрады, вераванні. Цікавіўся бел. фальклорам.У сваім доме ў Краславе стварыў музей, б-ку, архіў. Сабраў шмат матэрыялаў з Падзвіння, частку якіх перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Рукапісы П. захоўваюцца ў б-цы Вільнюскага ун-та.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 12, с. 441

ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Эмілія Францаўна

(13.11.1806, г. Вільня — 23.12.1831),

бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел. нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.​Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.

Літ.:

Кісялёў Г.В. Падзорная труба Эміліі Плятэр // Кісялёў Г.В. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;

Zakrzewski B. Emilia Plater // Życiorysy historyczne, literackie i legendarne. Warszawa, 1980.

В.​В.​Швед.

т. 12, с. 441

ПЛЯ́ТЭРЫ (Броэль-Плятэры),

шляхецкі род уласнага герба ў Рэчы Паспалітай. Паходзяць з Вестфаліі, адкуль у 15 ст. перасяліліся ў Інфлянты, дзе валодалі замкам Броэль. У 1829 род П. у Рас. імперыі прызнаны ў графскай годнасці. Найб. вядомыя: Генрык, у 1599 атрымаў ад Жыгімонта III Вазы маёнткі Асон і Плясон (Плясына, Існаўды) у Інфлянтах. Меў сыноў Готарда Яна (пачынальнік літ. лініі роду), Андрэя і Вільгельма (пачынальнік жамойцкай лініі). Готард Ян (?—1664), маёр, вызначыўся ў бітвах за Смаленск у 1633 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і ў 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Фердынанд Фабіян Вільгельм (каля 1678—22.7.1739), лоўчы ВКЛ у 1735—39, маршалак дворны ВКЛ у 1739. Канстанцін Людвік (1722—31.3.1778), вял. пісар ВКЛ у 1746—54, кашталян полацкі ў 1754—58, ваявода мсціслаўскі ў 1758—70, кашталян трокскі з 1770. Юзаф Вінцэнт (11.7.1745, г. Краслава, Латвія — паміж 1 і 6.1.1806), ген.-лейтэнант, пісар польны ВКЛ у 1771—83, кашталян трокскі з 1793; староста брэсцкі ў 1770—77, чл. Пастаяннай Рады ў 1793—94. Казімір Канстанцін (1749—4.8.1807), абозны ВКЛ у 1787, кашталян трокскі ў 1790—93, падканцлер ВКЛ з 1793; чл. Пастаяннай Рады ў 1776—88 і 1793—94. Адам Антоні Ануфры (1790—1862), краязнавец, археолаг, калекцыянер, гл. Плятэр А.А.А.Эмілія (1806—31), гл. Плятэр Э.Ф.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 12, с. 441

ПЛЯХА́НАЎ (Георгій Валянцінавіч) (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),

расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнік рас. сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр. Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл. Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ. «Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаў эмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.

Тв.:

Соч. Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;

Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.

Літ.:

Тютюкин С.В. Г.​В.​Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.

А.​М.​Сідарэвіч.

Г.В.Пляханаў.

т. 12, с. 441

ПЛЯХО́ЎКА, Гляхоўка,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Іса (бас. р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 110 км². Пачынаецца на ПдУ каля в. Дукрава, цячэ на паўд.-зах. ускраіне Навагрудскага ўзв., упадае ў Ісу на ПдУ ад в. Дзераўная. Рэчышча каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 12, с. 442