ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Эмілія Францаўна
(13.11.1806, г. Вільня — 23.12.1831),
бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел. нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.
Літ.:
Кісялёў Г.В. Падзорная труба Эміліі Плятэр // Кісялёў Г.В. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Zakrzewski B. Emilia Plater // Życiorysy historyczne, literackie i legendarne. Warszawa, 1980.
В.В.Швед.
т. 12, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)