ВЯ́ХАВА,
возера ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Вір (цячэ праз возера), за 12 км на ПдУ ад г. Бабруйск. Пл. 0,42 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 750 м. Пл. вадазбору 85,3 км². Мелкаводнае. Схілы катлавіны спадзістыя. Берагі забалочаныя, пад хмызняком. Дно на 70% плошчы выслана сапрапелем. Злучана з воз. Плывун.
т. 4, с. 404
ВЯХІ́Р
(Columba palumbus),
птушка сям. голубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружовашэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЦІЧЫ,
усходнеславянская племянная групоўка ў бас. Акі. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», вяцічы разам з радзімічамі прыйшлі з ляшскіх (прапольскіх) зямель. У 9 — сярэдзіне 10 ст. плацілі даніну хазарам, потым — кіеўскім князям. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Археал. помнікі вяцічаў — селішчы, гарадзішчы, курганныя могільнікі з трупаспаленнем (8—11 ст.) і трупапалажэннем (11—14 ст.). У 11—12 ст. у зямлі вяцічаў узніклі гарады Масква, Колцеск, Дзедаслаў, Нерынск і інш. У 2-й пал. 12 ст. тэр. вяцічаў падзелена суздальскімі і чарнігаўскімі князямі. Як культурна-этнагр. група вяцічы зніклі ў 13—14 ст.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная назва ў 12—18 ст. тэрыторыі ў басейне верхняга і часткова сярэдняга цячэння р. Вятка. У 1-м тыс. да н.э. ў Вяцкіх землях жылі плямёны ананьінскай культуры, у 6—10 ст. — комі і удмурты, з 10 ст. — марыйцы. У 14 ст. склаліся феад. адносіны. У 2-й пал. 14 ст. ў сярэднім цячэнні р. Вятка ўзніклі рус. пасяленні. У 1489 Вяцкая зямля далучана да рас. дзяржавы.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЦКІ УВА́Л,
узвышша на У Усх.-Еўрап. раўніны, у Рэспубліцы Марый Эл і Кіраўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выш. да 284 м. Выцягнуты амаль мерыдыянальна. Перасякаецца далінай р. Вятка. Складзены з даламітаў, вапнякоў і гіпсаў; развіты карст. Хвойныя лясы.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЧА,
рака ў Лагойскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл., у бас. р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 297 км². Пачынаецца на ПнЗ ад в. Селішча Лагойскага р-на, цячэ па Мінскім узв., на рацэ вадасх. Вяча. Даліна трапецападобная, шыр. 200—300 м. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, выш. каля 2,5 м. Берагі нізкія, спадзістыя. Пойма шыр. 50—100 м. Рэчышча звілістае, ад вусця на 13 км каналізаванае і часткова абвалаванае. Цячэ ў зонах адпачынку Вяча і Мінскае мора.
т. 4, с. 404
ВЯ́ЧА,
вадасховішча у Мінскім р-не, на р. Вяча (бас. Свіслачы), за 19 км на Пн ад Мінска. Створана ў 1970. Пл. 1,68 км², даўж. 5,3 км², найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 8 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Катлавіна выцягнутая. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, складзены з пяскоў, супескаў і суглінкаў. Парослыя хваёвым лесам і хмызнякамі. Берагавая лінія (даўж. 15,2 км) слаба парэзаная, ёсць заліў даўж. 300 м. Моцнапраточнае, упадае р. Чарняўка. Вярхоўі вадасховішча зарастаюць чаротам і асокамі. Зона адпачынку.
т. 4, с. 404
ВЯЧАСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ
(1083—1155),
князь, сын Уладзіміра Манамаха. У 1116 як смаленскі князь у час паходу на менскага (мінскага) кн. Глеба Усяславіча адваяваў Оршу і Копысь. Пасля смерці бацькі ў 1125 атрымаў Тураўскае княства. У 1127 удзельнічаў ва ўзяцці Ізяслаўля (Заслаўя) у час паходу кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю. У 1132 княжыў у Пераяслаўлі, праз год вярнуўся ў Тураў. Праводзіў палітыку адасаблення Турава ад Кіева. Пасля няўдалай спробы кіеўскага кн. Усевалада ў 1142 захапіць Тураўскую зямлю Вячаслаў Уладзіміравіч пакінуў Тураў сыну Святаславу і перайшоў у Пераяслаўль. Незадаволеныя гэтым чарнігаўскія князі Ольгавічы напалі на Пераяслаўль, і Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуўся ў Тураў. Раздаў гарады Бярэсце (Брэст), Драгічын, Клечаск (Клецк), Рагачоў, Чартарыйск сваім родзічам. У 1146, калі кіеўскі пасад захапіў Ізяслаў Мсціславіч, Вячаслаў Уладзіміравіч вярнуў сабе гэтыя гарады, захапіўшы таксама і Уладзімір-Валынскі, за што быў пераведзены з Турава ў Перасопніцу на Валыні. Пазней, верагодна, быў суправіцелем Ізяслава Мсціславіча на кіеўскім троне.
М.І.Ермаловіч.
т. 4, с. 405
ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ
(1112? — пасля 1127),
клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.
т. 4, с. 405
ВЯ́ЧКА
(Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),
князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.
т. 4, с. 405