ВЯ́ЧКА
(Вячаслаў, лац. Vetske, ? — 1224),
князь Кукенойса (Кокнесе) — крэпасці на Зах. Дзвіне, васал полацкага князя. З 1206 прымаў удзел у паходзе полацкага кн. Уладзіміра супраць ням. рыцараў. У 1207 вымушаны падпарадкавацца рыжскаму епіскапу Альберту, але быў схоплены крыжакамі. У 1208 вызвалены з палону, зноў правіў Кукенойсам. Жыхары горада знішчылі атрад крыжакоў, уведзены ў Кукенойс паводле патрабавання епіскапа. Не дачакаўшыся дапамогі ад полацкага кн. Уладзіміра, спаліў замак і з дружынай перайшоў да наўгародцаў. У 1223 на чале атрада ўсходнеслав. войск (200 чал.) пасланы ў Юр’еў (сучасны г. Тарту), адкуль кіраваў большай часткай зямель эстаў. У 1224 ням. рыцары асадзілі Юр’еў. Вячка з атрадам адмовіўся пакінуць замак, разам з эстамі працягваў абараняцца, пакуль не загінуў.
т. 4, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)