Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІЗАНТРО́ПІЯ (грэч. misanthrōpia ад miseō ненавіджу + anthrōpos чалавек),

нелюбоў да людзей, адчужэнне ад іх, чалавеканенавісніцтва.

т. 10, с. 348

МІЗГА́ЙЛАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 24.9.1936, г.п. Суземка Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Навазыбкаўскі пед. ін-т (1959), Казанскі авіяц. ін-т (1962). З 1974 у Гомельскім ун-це, з 1991 у Бел. ун-це транспарту. Навук. працы па стварэнні дыскрэтных слабанакіраваных антэнных сістэм лятальных апаратаў. Распрацаваў аўтаматызаваныя сродкі і спосабы пабудавання звычайных і галаграфічных выпрамяняльных прылад, прапанаваў спосаб змяншэння эфектыўнай паверхні рассейвання аб’ектаў.

Тв.:

Синтез дискретных антенных систем и неоднородных линий для широкополосного согласования с использованием экспериментальных данных. Ч. 1. Гомель, 1978.

т. 10, с. 348

МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),

атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.

Л.Л.Нагорская.

Мізіда прэснаводная.

т. 10, с. 349

МІЗЭРЭ́РЭ (лац. miserere злітуйся),

царкоўнае каталіцкае песнапенне. Назва ад першага слова лац. тэксту 50-га псалма «Miserere mei Deus» — «Памілуй мяне, Божа» рымска-каталіцкага царк. ўжытку. Шматгалосыя кампазіцыі на тэкст М. паявіліся на мяжы 15—16 ст. Першы аўтарскі твор належыць К.Фесце (1517). Сярод найб. дасканалых ўвасабленняў — «Miserere» А.Ласа («Сем пакаянных псалмоў», 1584) і Дж.Габрыэлі («Свяшчэнныя сімфоніі», 1597). Значная колькасць твораў на тэкст М. захавалася ў інстр. апрацоўках — лютневых і клавірных табулатурах эпохі Адраджэння.

т. 10, с. 349

МІ́КА (Mikko),

Мік Лепа (7.12.1911, Арукюла Вільяндзіскага пав., Эстонія — 6.12.1978), эстонскі жывапісец. Вучыўся ў Маст.-прамысл. вучылішчы (1927—30) у Таліне, у Вышэйшай маст. школе «Палас» (1931—32, 1936—39) у Тарту. У 1941 выкладаў у Вышэйшай маст. школе імя К.Мягі ў Тарту, з 1944 у Талінскім ін-це прыкладнога мастацтва, з 1951 у Маст. ін-це Эстоніі ў Таліне (з 1965 праф.). Творам уласцівы абагульнена-сімвалічныя вобразы, тэатр. сцэнічнасць, спалучэнні буйных, часам блізкіх да манахромных дэкар. паводле колеру плоскасцей: «Смалільшчыцы лодак» (1939), «Мыццё авечак», «Вячэрні пейзаж» (абодва 1959); «Дзяўчаты шыюць» (1965), «Песні часоў» (1970), «Чалавек і космас» і «Кола часу» (абодва 1971). Дзярж. прэмія Эстоніі 1972.

Міка. Вячэрні пейзаж. 1959.

т. 10, с. 349

МІКАБАКТЭ́РЫІ (Mycobacterium),

род бактэрый, роднасных актынаміцэтам. Каля 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадзе, харч. прадуктах.

Палачкі (0,2—0,6 × 1—10 мкм), часта злёгку скрыўленыя, галінастыя з уключэннямі ў выглядзе ружанцаў і гранул. Некат. віды ўтвараюць гіфы, якія распадаюцца на палачкі і кокі. Грамстаноўчыя, кіслотаўстойлівыя, нерухомыя. Маюць у сабе караціноіды, таму іх калоніі часта пігментаваныя (аранжавыя, жоўтыя, чырвоныя). Размнажаюцца дзяленнем клетак, спор не ўтвараюць. Сапрафітныя формы ўдзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэшткаў, некат. акісляюць парафіны і вуглевадароды. Патагенныя віды выклікаюць хваробы чалавека (туберкулёз, лепру), жывёл і раслін.

т. 10, с. 349

МІКА́ДА (яп., літар. велічная брама),

адзін з тытулаў японскага імператара. Паходзіць ад назвы імператарскага палаца. Выкарыстоўваўся пераважна іншаземцамі (еўрапейцамі), у Японіі ўжываецца пераважна тытул «тэна».

т. 10, с. 349

МІ́КАЛА ((Mikkola) Іосіф Юліус) (6.7.1866, Волаярві, Фінляндыя — 28.9.1946),

фінскі мовазнавец-славіст. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Праф. слав. філалогіі ун-та ў г. Хельсінкі (1900—34). Вучань П.Фартунатава. Навук. працы ў галіне параўн. граматыкі, акцэнтуацыі слав. моў, сувязей слав. моў з прыбалтыйска-фін., герм. і інш. мовамі. Асн. праца — «Праславянская граматыка» (т. 1—3, 1913—50). Даследаваў стараж. гісторыю Паўн. і Усх. Еўропы.

т. 10, с. 349

МІКАЛА́ЕВА,

вёска ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Зах. Дзвіна. Цэнтр сельсавета і Шумілінскага племптушкарэпрадуктара. За 25 км на ПдЗ ад г.п. Шуміліна, 69 км ад Віцебска, 15 км ад чыг. ст. Лоўжа. 569 ж., 248 двароў (1999). Цагельны з-д. Базавая школа, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 10, с. 349

МІКАЛА́ЕВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 28.6.1941 да 13.6.1942 у в. Мікалаевічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. Налічвала 14 чал. (кіраўнік Я.Я.Васіленка). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі сабатаж мерапрыемстваў акупантаў, двойчы разбурылі чыгунку на ўчастку Слабада — Смалявічы, падарвалі на ўчастку Загор’е—Смалявічы. Наладзілі сувязь з партызанамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, арганізавалі з імі ўцёкі ваеннапалонных. У чэрв. 1942 пайшлі ў партызаны. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 5 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 349