МІЗАНСЦЭ́НА (франц. mise en scéne размяшчэнне на сцэне),

размяшчэнне на сцэне акцёраў у той ці інш. момант спектакля. Адзін з важных сродкаў вобразнага выяўлення ўнутр. зместу п’есы, з’яўляецца істотным момантам рэжысёрскай задумы спектакля. М. ў кіно мае агульную прыроду з тэатральнай, але яна залежыць ад становішча кінаапарата, выбару плана, оптыкі, пазбаўлена ўмоўнасці. Кінаглядач бачыць М. ў шматлікіх планах і ракурсах. У сучасным кіно існуюць разнастайныя дынамічныя М.: шматпланавыя — адначасовае дзеянне на пярэднім і заднім планах; глыбінныя — дзеянне арыентавана ўглыб кадра; панарамныя (або кругавыя) і інш.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)