Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКУ́НСЫ, смярдзючкі (Mephitinae),

падсямейства млекакормячых сям. куніцавых атр. драпежных. 3 роды: С. паласатыя (Mephitis), 2 віды; С. плямістыя (Spilogale), 2 віды; С. свінаносыя (Conepatus), 6—7 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных біятопах, ад лясоў да пустынь. У паўн. ч. арэала зімой упадаюць у спячку.

Даўж. цела да 49 см, хваста да 44 см, маса да 4,5 кг. Сакрэт анальных залоз з агідным стойкім смуродам (адпужвае ворагаў) — адсюль другая назва. Кормяцца пладамі, ягадамі, насякомымі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Палігамы; нараджаюць да 10 (звычайна 5—6) дзіцянят за год. С. паласаты (M. mephitis) — аб’ект пушнога промыслу і развядзення.

Э.​Р.​Самусенка.

Скунсы: 1 — паласаты; 2 — плямісты; 3 — свінаносы.

т. 14, с. 482

СКУ́ПА ((Skupa) Іосеф) (16.1.1892, г. Страканіцы, Чэхія — 8.1.1957),

чэхаславацкі тэатр. дзеяч, акцёр, рэжысёр, мастак тэатра лялек. Нар. арт. Чэхаславакіі (1948). З 1916 мастак, лялькавод у Пльзенскім марыянетачным тэатры. У 1930 арганізаваў у Пльзене «Тэатр Спейбла і Гурвінека», гал. героі якога зроблены паводле эскізаў С. З 1945 выступаў у Празе. У 1933—57 прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1955.

т. 14, с. 482

СКУ́ПШЧЫК,

прадстаўнік гандл. капіталу, які займаўся скупкай у вытворцаў або перакупкай у контрагентаў вырабаў гарадскіх і дробных сял. промыслаў, прадуктаў сял. і памешчыцкай гаспадаркі для іх перапродажу. Найб. вядомы ў 17—1-й пал. 19 ст., калі развіццё таварнага абароту паглыбілася, а сам вытворца тавараў не меў часу гандляваць на рынку На мануфактурнай стадыі развіцця прам-сці роля С. паменшала, бо С. часта сам станавіўся гаспадаром мануфактуры. На Беларусі функцыі С. выконвалі таксама прасолы, булыні, самавозы-гандляры, «ліцвінкі», шынкары, карчмары. Скупка тавараў з мэтаю перапродажу была адной з крыніц фарміравання купецкіх капіталаў.

В.​В.​Швед.

т. 14, с. 482

СКУ́РА,

вонкавае покрыва цела чалавека і жывёл; ахоўны бар’ер паміж навакольным асяроддзем і арганізмам. Ахоўвае цела ад мех. уздзеянняў і траўмаў, пранікнення розных рэчываў і мікраарганізмаў, удзельнічае ў пачуцці дотыку, дыханні, абмене рэчываў, напр., водна-салявым (за суткі выдзяляе да 500 мл вады), сінтэзе вітамінаў, выдзяленні, тэрмарэгуляцыі (82% цеплавых страт), сакрэцыі і экскрэцыі, дэпаніраванні крыві. Вытворныя скуры: валасы, потавыя, сальныя, малочныя залозы, пазногці, кіпцюры, пер’е, капыты і інш.

Мае 3 слаі: эпідэрміс (паверхневы слой, шматслойны эпітэлій), дэрму (уласна С., сярэдні злучальнатканкавы слой, багаты сасудамі і нервамі) і гіпадэрму (глыбокі слой, падскурная тлушчавая клятчатка). Афарбоўка С. абумоўлена пігментнымі клеткамі. Пра паталаг. змены С. гл. Дэрматозы, Дэрматыт.

Літ.:

Калантаевская К.А. Морфология и физиология кожи человека. 2 изд. Киев. 1972;

Кожа: (Строение, функция, общая патология и терапия). М., 1982.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 482

СКУРАЕ́ДЫ (Dermestidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 900 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, пераважна ў сухіх раёнах. Пасяляюцца на трупах жывёл, у гнёздах птушак, насякомых, норах грызуноў, пад карой дрэў, на жывёльнай сыравіне (скура, шэрсць, футра і вырабы з іх, вяленае мяса і рыба) і інш. На Беларусі 20—30 відаў, сярод іх С.: вяндлінны (Dermestes lardarius), дывановы (Attagenus pissus), залознікавы (Anthirenus scrophulariae), музейны (Anthrenus museorum) і інш.

Даўж. 1,3—12 мм. Цела звычайна авальнае, пакрытае валаскамі або лускавінкамі. Афарбоўка цёмна-карычневая або чорная, часта са стракатым малюнкам. Кормяцца сухімі рэчывамі жывёльнага і расл. паходжання, некат. — пылком кветак. У прыродных умовах — санітары, каля жылля чалавека — шкоднікі.

т. 14, с. 483

СКУРА́НКА,

род кветкавых раслін, тое, што птэлея.

т. 14, с. 483

СКУРА́ТАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Рыгор Лук’янавіч) (Малюта; ? — 1.1.1573),

адзін з кіраўнікоў апрычніны Івана IV Грознага у Рас. дзяржаве 16 ст., актыўны арганізатар апрычнага тэрору. Набыў вядомасць і ўплыў у 1569, калі ўдзельнічаў у следстве над стрыечным братам Івана IV кн. У.​А.​Старыцкім і ў яго смяротным пакаранні. У снеж. 1569.задушыў б. мітрапаліта Піліпа Колычава, у студз. 1570 кіраваў разгромам Ноўгарада, дзе забіў тысячы жыхароў. У 1571 вёў следства аб прычынах паражэння рус. войск у баі з ардой крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Загінуў у баі ў час Лівонскай вайны. З яго імем гіст. традыцыя звязвае жорсткасці, забойствы і смяротныя пакаранні часоў Івана IV.

т. 14, с. 483

СКУРАТО́ВІЧ ((Skuratowicz) Пётр) (1.8.1891, в. Вялікія Філіпкавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.крас. 1940),

польскі ваенны дзеяч. Ген. брыгады Войска Польскага (1939). Скончыў кадэцкі корпус у Полацку (1909), вучыўся ў кав. школе ў Елізаветградзе (цяпер Кіраваград, Украіна; 1909—11). З 1917 у 1-м польскім корпусе ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага, з 1918 у Войску Польскім. Камандаваў шэрагам польскіх кав. злучэнняў, у т. л. Цэнтрам навучання кавалерыі ў г. Грудзёнз. У 1939 інтэрніраваны сав. войскамі. Загінуў у лагеры для ваеннапалонных.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 483

СКУ́РА ШТУ́ЧНАЯ,

матэрыял прамысл. вытв-сці, які выкарыстоўваюць як заменнік натуральнай скуры. Паводле характару вытв-сці, тыпу матэрыялаў і вырабаў адрозніваюць С.ш. мяккія, цвёрдыя (тыпу кардону) і сінт. падэшвенныя матэрыялы; класіфікуюць таксама паводле прызначэння (абутковыя, адзежныя, галантарэйныя, дэкаратыўна-гаспадарчыя, тэхн. і інш.).

Мяккія С.ш. — пераважна мнагаслойныя рулонныя матэрыялы, якія маюць валакністую аснову (тканіна, трыкатаж, нятканыя матэрыялы і інш.) з нанесеным на яе палімерным (каўчукавым, поліамідным, полівінілхларыдным, нітрацэлюлозным і інш) ці сумешчаным (з сумесі асобных палімераў) пакрыццём У абутковай прам-сці для вырабу верху абутку шырока выкарыстоўваюць сінтэтычную скуру — С.ш. на нятканай аснове з порыстым вонкавым поліэфірурэтанавым пакрыццём, якая знешнім выглядам і ўласцівасцямі падобная на мяккую вырабленую скуру. Мяккія С.ш. выкарыстоўваюць таксама ў швейнай, скургалантарэйнай, паліграф. прам-сці. Цвёрдыя С.ш. — адна- ці мнагаслойныя ліставыя матэрыялы, якія вырабляюць праклейваннем суспензіі скураных і раслінных валокнаў (размолатыя адходы гарбарнай, абутковай, швейнай вытв-сці, утылю) пераважна латэксамі сінтэтычнымі з наступнай апрацоўкай паводле тэхналогіі, блізкай да тэхналогіі вытв-сці паперы і кардону. Моцныя, устойлівыя да сцірання, захоўваюць фіз.-мех. ўласцівасці ў намочаным стане. Выкарыстоўваюць для вырабу ўнутр. (вусцілкі, заднікі) дэталей абутку, дарожных сумак і чамаданаў. Сінтэтычныя падэшвенныя матэрыялы выкарыстоўваюць для вырабу падэшваў, падноскаў, абцасаў, набоек. Да іх адносяць падэшвенную гуму — фармаваныя і штампаваныя дэталі і пласціны порыстыя (гл. Сітаватая гума) і маналітныя, а таксама фармаваныя дэталі з пенаполіурэтанаў і падэшвы з тэрмапластаў і тэрмаэластапластаў. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.

т. 14, с. 482

СКУ́РКА,

гл. ў арт. Эпідэрміс.

т. 14, с. 483