Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫШЭ́ ((Richet) Шарль) (26.8.1850, Парыж — 4.12.1935),

французскі фізіёлаг і бактэрыёлаг. Чл. Парыжскай АН (1914, з 1932 віцэ-прэзідэнт, з 1933 прэзідэнт). Чл. Нац. акадэміі медыцыны (1898). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), з 1887 праф. фізіялогіі ў ім. Навук. працы па фізіялогіі стрававання, дыхання, тэрмарэгуляцыі, пытаннях імунітэту і сератэрапіі, лячэння эпілепсіі і туберкулёзу, псіхалогіі, мед. статыстыцы. Выявіў наяўнасць салянай к-ты ў страўнікавым соку. Сфармуляваў паняцце «пасіўны імунітэт» (1888). Апісаў рэакцыю арганізма на чужародны бялок (1902) і ўвёў тэрмін «анафілаксія». Нобелеўская прэмія 1913.

А.​Ю.​Маніна.

Ш.Рышэ.

т. 13, с. 530

РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі

(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),

французскі дзярж, і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн. Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.

Літ.:

Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг. Л., 1982;

Черкасов П.П. Кардинал Ришелье. М., 1990;

Кнехт Р.​Дж. Ришелье: Пер. с англ. Ростов н/Д;

М., 1997.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Кардынал Рышэльё.

т. 13, с. 530

РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Эмануэль дзю Плесі

(du Plessis; на рас. службе Эмануіл Восіпавіч; 14.9.1766, Парыж — 17.5.1822),

французскі і рас. дзярж. дзеяч, герцаг. У пач. Франц, рэвалюцыі эмігрыраваў (1789) у Расію. У 1790 удзельнічаў у Крымскай кампаніі на чале з А.​В.​Суворавым, атрымаў чын ген.-лейтэнанта. У 1793—94 у складзе кааліцыйных войск ваяваў супраць рэв. Францыі. З 1803 граданачальнік Адэсы, у 1805—14 ген.-губернатар Новарасійскага краю. Садзейнічаў гасп. асваенню і засяленню Паўн. Прычарнамор’я. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў з 1814 у Францыі; першы міністр ва ўрадзе Людовіка XVIII (1815—18, 1820—21). Пры падтрымцы рас. імператара Аляксандра І дамогся некат. змякчэння на карысць Францыі Парыжскага мірнага дагавора, скарачэння памераў кантрыбуцыі і колькасці (у 1817) акупацыйных войск у Францыі. На Ахенскім кангрэсе «Свяшчэннага саюза» (1818) дамогся поўнага спынення акупацыі Францыі. У г. Адэса яму пастаўлены помнік (1828).

т. 13, с. 531

РЫ́ЮЧЫЯ ВО́СЫ (Sphecoidea),

надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 12 тыс. відаў. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна. Гнёзды ў глебе на пясчаных месцах (адсюль назва), пустых сцёблах травяністых раслін, у гнёздах насякомых і інш. Ёсць гнездавыя паразіты. На Беларусі найб. трапляюцца пчаліны воўк, амафіла пясчаная (Ammophila sabulosa), бембекс насаты (Bembex rostrata), сфекс зубасты (Sphex maxillosus), цэрцэрыс пясчаны (Cerceris arenaria), аса тоўстагаловая вялікая (Crabro cribrarius).

Даўж. да 6 см. Цела голае або пакрыта валаскамі, чорнае, часта з жоўтым або чырв. малюнкам. Брушка з тонкай сцяблінкай. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Лічынкі — драпежнікі, дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак, асобныя віды Р.в. палююць на пэўных насякомых і іх лічынак. Ператварэнне поўнае.

С.​Л.​Максімава.

Рыючыя восы: 1 — аса тоўстагаловая вялікая; 2 — бембекс насаты; 3 — сфекс зубаты; 4 — амафіла пясчаная.

т. 13, с. 531