Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕО́Н (León),

феадальная дзяржава на ПнЗ Пірэнейскага п-ва ў 10—13 ст. Утварылася ў 909—910 пасля падзелу Астурыйскага каралеўства паміж сынамі ісп. правіцеля Альфонса III Вялікага (гл. Альфонсы) на Л., Галісію, Астурыю. У 924 Галісія і Астурыя аб’ядналіся з Л. у адзінае каралеўства са сталіцай у г. Леон. З 960 плаціў даніну Абдарахману III. У 988—1031 пад уладай Кардоўскага халіфата. У час Рэканкісты далучыў да сваёй тэрыторыі партуг. землі. У 1230 каралеўства аб’ядналася з Кастыліяй і стала найб. магутнай дзяржавай Пірэнейскага п-ва.

т. 9, с. 206

ЛЕО́Н (León),

горад на Пн Іспаніі. Адм. ц. аўт. вобл. Кастылія-Леон. Засн. як стараж.-рымскі ваенны лагер. У 10—13 ст. сталіца каралеўства Леон. 138 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: здабыча і апрацоўка бурага вугалю, маш.-буд., хім., фармацэўтычная, харч., тэкст., гарбарна-абутковая. Арх. помнікі 11—16 ст., у т.л. гатычны сабор 13—15 ст., сярэдневяковыя цэрквы, манастыры, жылыя дамы і інш.

т. 9, с. 206

ЛЕО́Н (León),

горад у Цэнтр. Мексіцы, на Пд Мексіканскага нагор’я, на выш. 1885 м, у штаце Гуанахуата. Засн. ў 1576. 872 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: харчовая (мукамольная, малочная, мясная), тэкст., металаапр., хім. (вытв-сць угнаенняў), цэлюлозна-папяровая, мэблевая, шкляная, буд. матэрыялаў. Гал. цэнтр гарбарна-абутковай прам-сці краіны. Гандл. цэнтр раёна інтэнсіўнай с.-г. вытв-сці. Арх. помнікі каланіяльнага перыяду.

т. 9, с. 206

ЛЕ́ПЕЛЬ,

горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс. ж. (1998).

Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс. ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс. чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).

І.Ю.Януш (гісторыя).

Герб Лепеля. 1852.
Лепель. Плошча Свабоды.

т. 9, с. 206

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лепель,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула (выцякае з возера), на паўн. ускраіне г. Лепель. Пл. 10,18 км2, даўж. 7,6 км, найб. шыр. больш за 2 км, найб. глыб. 33,7 м, даўж. берагавой лініі 39,6 км. Пл. вадазбору 1280 км2. Катлавіна падзяляецца на 3 часткі, якія маюць мясц. назвы: паўн. — Кусцінскае воз. (глыб. 23 м), паўд. — Гарадское воз. (глыб. 19,5 м), усх. — Белае воз. (глыб. 33,7 м). Схілы катлавіны на Пд і ПдУ і месцамі на 3 выш. да 25 м, з асыпкамі і апоўзнямі, месцамі задзернаваныя; астатнія выш. каля 10 м, над пасевамі, на У пад лесам. Шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, задзернаваныя, месцамі пад хмызняком, на Пд і ПдУ зліваюцца са схіламі, месцамі абразійныя. У 1958, калі на р. Ула пабудавана Лепельская ГЭС, узровень возера падняты прыкладна на 4 м, што істотна змяніла яго гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі. Падводная ч. катлавіны ўскладнена шматлікімі мелямі на месцы былых астравоў і ўпадзінамі. Дно да глыб. 7—7,5 м выслана пяскамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 300 м. Упадаюць рэкі Эса (на Пд) і Зеха (на Пн). Выкарыстоўваецца для адпачынку і ў аздараўленчых мэтах (на беразе дзіцячы санаторый).

Лепельскае возера.

т. 9, с. 206

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да 28.6.1944 у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 24 групы (241 чал.) у г. Лепель (кіраўнік А.А.Марунька), вёсках Ворань (М.М.Александровіч), Гарадчэвічы (С.А.Будкевіч), Губіна (Марунька), Загорцы (А.П.Ярашэўскі), Заслаўкі (П.К.Пацей), Кісцялёва (С.В.Шнітка), Ляхавічы (К.А.Яско), Радунь (П.В.Хацько), Саснягі (Г.Ф.Шатыронак), Свядзіца (С.А.Пад’ельскі) і інш. У друкарні, створанай сумесна з партызанамі, выдавалі лістоўкі, плакаты, адозвы, газ. «Калгасная праўда» Лепельскага і газеты Бешанковіцкага, Ветрынскага, Чашніцкага і Ушацкага падп. райкомаў. Падпольшчыкі ўдзельнічалі ў вызваленні з лагера смерці сав. ваеннапалонных, забяспечвалі іх акупац. дакументамі, уладкоўвалі на працу, перапраўлялі да партызан; зрывалі пастаўкі харчавання для ням. арміі; вялі антыфаш. прапаганду сярод салдат варожых фарміраванняў; праводзілі дыверсіі на чыгунцы. Вясной 1943 здабылі і перадалі партызанам план фаш. карнай аперацыі «Котбус». За час акупацыі загінула 70 падпольшчыкаў.

У.І.Гуленка.

т. 9, с. 206

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1935—38. Утворана 21.6.1935. Цэнтр — г. Лепель. Пл. акругі 6266 км2, нас. 251,8 тыс. чал. (1938). Уключала 4 раёны: Бягомльскі, Лепельскі, Ушацкі, Чашніцкі. Скасавана 20.2.1938, Бягомльскі р-н перададзены Мінскай вобл., Лепельскі, Ушацкі і Чашніцкі р-ны — Віцебскай вобл.

т. 9, с. 207

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 207

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ БОЙ 1943,

бой партызанскіх брыгад Лепельскай імя Сталіна, імя Чапаева, 2-й Ушацкай імя Панамарэнкі, Чашніцкай «Дубава» і Сенненскай супраць апорнай базы ням. 3-й танк. арміі ў г. Лепель 19—21 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася паводле загаду ЦШПР з мэтай перашкодзіць узмацненню абароны гітлераўцаў на левым флангу групы армій «Цэнтр», дзе намячаўся прарыў сав. войск. У Лепелі размяшчаліся 3 пях. палкі, танк. батальён, 2 артыл. і 1 мінамётная батарэі (больш за 2 тыс. гітлераўцаў), горад быў акружаны густой сеткай дзотаў, акопаў, драцяных загарод, подступы да яго былі замініраваны. У ноч на 20 кастр. партызаны раптоўным ударам ушчыльную наблізіліся да абарончых умацаванняў, змялі іх і на досвітку прабіліся ў цэнтр горада, але былі контратакаваны прыбыўшым падмацаваннем ворага. У ноч на 21 кастр. партызаны зноў штурмавалі Лепель, але ў цэнтры горада праціўніку ўдалося іх спыніць. Партызаны адышлі, заблакіраваўшы варожы гарнізон з У і Пд.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 207

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1975 у г. Лепель. Рыхтуе тэхнікаў. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): меліярацыя і водная гаспадарка; механізацыя меліярацыйных і водагаспадарчых работ; прамысл. і грамадзянскае буд-ва; добраўпарадкаванне сельскіх тэрыторый. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 9, с. 207