Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗЮСЕЛЬДО́РФСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна са школ ням. жывапісу 19 ст. Узнікла ў сувязі з заснаваннем у 1819 Дзюсельдорфскай АМ, першы дырэктар якой П.Карнеліус імкнуўся скіраваць яе дзейнасць у рэчышча акадэмізаванага рамантызму. Пры дырэктару В.Шадаве (1826—59) у ёй вылучыліся асобныя кірункі: нац.-гіст. тэматыка Трактавалася ў павярхоўна-рамант. (К.Ф.Зон, Т.Гільдэбрант), эпіка-гераічным (А.Рэтэль) і нават апазіцыйна антыкаталіцкім (К.Ф.Лесінг) рэчышчы; развіваўся рэаліст. пейзаж (Ο. і А.Ахенбах). У быт. жанры з 1850-х г. панавалі ідылічныя сцэны з бюргерскага і традыц. сялянскага побыту (Л.Кнаўс, Б.Вацье).

т. 6, с. 133

ДЗЮСЕРСО́

(Du Cerceau, Ducerceau),

сям’я французскіх архітэктараў 16—17 ст. Жак I Андруэ (1510 ці 1512, Парыж — каля 1585), у 1531—33 працаваў у Італіі. Вядомасць прынеслі цыклы дакументальна дакладных афортаў з Выявамі помнікаў архітэктуры: «Кніга архітэктуры» (1559—61), «Антычныя аркі і манументы» (1560), «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі» (т. 1—2, 1576—79). У сваіх праектах (святочна-парадныя замкі Шарлеваль у Нармандыі, Вернёй-сюр-Уаз у Іль-дэ-Франсе) свабодна спалучаў элементы ант. і рэнесансавай італьян. архітэктуры. Жак II Андруэ (каля 1550—1614), з 1588 «архітэктар караля». Удзельнічаў у буд-ве Вял. галерэі Луўра і павільёна Флоры палаца Цюільры ў Парыжы (1600—08, не захаваўся).

Жак I Андруэ Дзюсерсо. Замак-лалац Вернёй-сюр-Уаз. З афорта цыкла «Найпрыгажэйшыя будынкі Францыі». 1576.

т. 6, с. 133

ДЗЮФА́І (Dufay) Гіём

(каля 1400, г. Камбрэ, Францыя — 27.11.1474),

нідэрландскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў нідэрландскай школы. Выхоўваўся і вучыўся музыцы ў метрызе (царк. школе) пры кафедральным саборы ў Камбрэ. З 1420 у Італіі. Спяваў у папскай капэле ў Рыме (1428—33 і 1435—37) і інш. У 1437—39 служыў пры двары герцага Савойскага. З 1439 (з перапынкамі) канонік і муз. кіраўнік у саборы ў Камбрэ. Прадстаўнік строгага поліфанічнага стылю. Распрацаваў гал. жанр нідэрл. поліфаніі — 4-галосую месу (зберагліся поўнасцю 9 мес і шмат іх асобных частак). Шырока выкарыстоўваў муз. формы, заснаваныя на cantus firmus, а таксама тэхніку меладычнага вар’іравання. Аўтар матэтаў, песень і інш. Яго дзейнасць значна паўплывала на далейшае развіццё нідэрл. поліфанічнай школы.

т. 6, с. 133

ДЗЮФІ́ (Dufy) Рауль

(3.6.1877, г. Гаўр, Францыя — 23.3.1953),

французскі жывапісец, графік, тэатр. мастак. У 1900—01 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму, у 1905—08 прымыкаў да фавізму. Вывучаў нар. лубок, у стылі якога выканаў шматлікія гравюры ў 1914—18. У яго творчасці адлюстравалася характэрная для зах.-еўрап. мастацтва 20 ст. падкрэслена-суб’ектыўнае ўспрыняцце свету. У сваіх чыстых і лёгкіх па колеры, беглых па малюнку карцінах і акварэлях (са скачкамі, рэгатамі, канцэртамі) Дз. імкнуўся да ўвасаблення жыццярадасна-святочнага боку жыцця («Афішы Трувіля», 1906, «Прыстань» 1908, «Скачкі ў Давілі», 1930). Ілюстраваў таксама кнігі, рабіў малюнкі для тканін і габеленаў.

Р.Дзюфі. Прыстань. 1908.

т. 6, с. 133

ДЗЮШАНЕ́Я (Duchesnea). манатыпны род кветкавых раслін сям. ружавых. 1 від — Дз. індыйская (D. indica). Пашыраны ва Усх. Азіі, інтрадукаваны ў многія краіны, у т.л. на Беларусь.

Шматгадовая апушаная травяністая расліна з паўзучым аблісцелым сцяблом даўж. да 1 м. Прыкаранёвае лісце доўгачаранковае, трайчастае, сцябловае — кароткачаранковае, адваротнаяйцападобнае або рамбічнае. Кветкі жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх тонкіх кветаножках. Плод — жоўтая несапраўдная ягада. Лек., харч. і дэкар. расліна.

т. 6, с. 133

ДЗЮШЭ́С ЛЕ́ТНІ,

сорт грушы нар. селекцыі. Раянаваны на Беларусі, акрамя Гомельскай вобл.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная, негустая. Пачынае плоданашэнне на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўраджайны, моцна пашкоджваецца бактэрыяльным ракам і паршой. Плады ніжэй за сярэднюю велічыню (50—70 г), шырокагрушападобныя. Скурка зеленавата-жоўтая з буравата-чырвоным румянцам і цёмна-кармінавымі крапінкамі на сонечным баку. Мякаць жаўтавата-белая, сакаўная, прыемнага салодкага смаку з ледзь прыкметнай кіслінкай. Спажывецкая спеласць у сярэдзіне жніўня.

М.Р.Мялік.

Дзюшэс летні.

т. 6, с. 133

ДЗЮ БЕЛЕ́ (Du Bellay) Жаашэн

(1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),

французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.

Літ.:

Виппер Ю.Б. Поэзия Плеяды. М., 1976.

т. 6, с. 127

ДЗЮ ВІНЬЁ (du Vigneaud) Вінсент, гл. Віньё Вінсент дзю.

т. 6, с. 128

ДЗЯВО́ЛТВА,

гістарычная балцка-літоўская вобласць. Няпэўнасць крыніц спарадзіла цяжкасць у вызначэнні тэр. Дз.: Хроніка Быхаўца (16 ст.) вызначыла яе ў раёне г. Вількамір (цяпер г. Укмерге, Літва); паводле гісторыка У.Ц.Пашуты, яна знаходзілася ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі або на У ад р. Швянтоі, дзе звычайна паказваецца Аўкштайція. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1219. У 1264 заваявана кн. Войшалкам і ўключана ў склад ВКЛ.

Літ.:

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991.

М.І.Ермаловіч.

т. 6, с. 134

ДЗЯВО́ЧАЕ ВО́ЗЕРА,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,51 км2, даўж. 1,2 км, найб. шыр. 520 м, найб. глыб. 17,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 4,15 км2. Схілы катлавіны выш. 6—10 м (на Пд і ПдУ да 20 м), пад хмызняком, месцамі ў верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, участкамі зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском (да глыб. 2—3 м) і гляямі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 35 м. З возера выцякае ручай у воз. Чаросава.

т. 6, с. 134