ДЗЮФА́І (Dufay) Гіём

(каля 1400, г. Камбрэ, Францыя — 27.11.1474),

нідэрландскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў нідэрландскай школы. Выхоўваўся і вучыўся музыцы ў метрызе (царк. школе) пры кафедральным саборы ў Камбрэ. З 1420 у Італіі. Спяваў у папскай капэле ў Рыме (1428—33 і 1435—37) і інш. У 1437—39 служыў пры двары герцага Савойскага. З 1439 (з перапынкамі) канонік і муз. кіраўнік у саборы ў Камбрэ. Прадстаўнік строгага поліфанічнага стылю. Распрацаваў гал. жанр нідэрл. поліфаніі — 4-галосую месу (зберагліся поўнасцю 9 мес і шмат іх асобных частак). Шырока выкарыстоўваў муз. формы, заснаваныя на cantus firmus, а таксама тэхніку меладычнага вар’іравання. Аўтар матэтаў, песень і інш. Яго дзейнасць значна паўплывала на далейшае развіццё нідэрл. поліфанічнай школы.

т. 6, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)