Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІРЭНА́ІКА,

гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс. км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн. грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.

т. 8, с. 290

КІРЭ́НСКАЯ ШКО́ЛА, кірэнаікі,

філасофская школа ў Стараж. Грэцыі, заснаваная ў 4 ст. да н.э. вучнем Сакрата Арыстыпам з г. Кірэна. Асн. прадстаўнікі Арэта і Арыстып Малодшы (дачка і ўнук Арыстыпа), Феодар, Эўгемер, Анікерыд і Гегесій. Прыхільнікі К. ш. развівалі этычны бок вучэння Сакрата, прапаведавалі геданізм, аб’яўлялі мэтай жыцця асалоду, падкрэслівалі пры гэтым неабходнасць практычнай дзейнасці як перадумовы асалоды і праяўлення актыўнай волі чалавека для таго, каб не трапіць у палон саміх уцех. Адсюль агульны прынцып універсальнасці чалавека, які павінен умець кіраваць і падпарадкоўвацца, быць патрыётам свайго поліса і адначасова не з’яўляцца аднабаковай асобай. Этычныя погляды К.ш. паўплывалі на філасофію эпікурэізму.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 290

КІР’Я́НАЎ (Барыс Іванавіч) (н. 21.7.1947, г. Гомель),

бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 хормайстар, з 1995 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Аўтар харавых аранжыровак арыг. песень бел. і рас. кампазітараў (у т. л. «Маша-Маруся», «Наш медсанбат» І.Лучанка, «Армія мая», «Шчыт айчыны агнявы» Э.Ханка, «Страявая паходная» А.Чыркуна), бел. і рус. нар. песень.

т. 8, с. 290

КІР II Вялікі

(? — 530 да н.э.),

першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).

т. 8, с. 275

КІСАНГА́НІ (Kisangani),

горад на ПнУ Дэмакр. Рэспублікі Конга. Да 1966 наз. Стэнлівіль. Адм. ц. вобласці. Засн. ў 1883. 316 тыс. ж. (1990). Вузел аўтадарог. Порт на р. Конга ніжэй вадаспада Баёма (б. Стэнлі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандлёва-размеркавальны і прамысл. цэнтр. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., хім., лакафарбавая, дрэваапр., буд. матэрыялаў; першасная апрацоўка с.-г. сыравіны. Мясакамбінат. Ун-т. Ін-т агранамічных даследаванняў.

т. 8, с. 290

КІСЕ́ЛЬ,

1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.

2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.

Г.Ф.Вештарт.

т. 8, с. 290

КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 290

КІСЕ́ЛЬ (Віктар Паўлавіч) (н. 15.5.1941, в. Стары Капыль Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык і географ.

Канд. гіст. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1964), Мінскую ВПШ (1973), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1979). З 1966 сакратар Кобрынскага райкома ЛКСМБ, Камянецкага райкома КПБ, заг. сектара ЦК КПБ. З 1987 выкладчык Мінскай ВПШ, дацэнт Ін-та паліталогіі і сац. кіравання КПБ, выкладчык ліцэя Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. З 1994 заг. рэдакцыі выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Навук. працы па праблемах сац. перабудовы сучаснай вёскі, павышэння культуры сельскага побыту, адраджэння нац. духоўнасці, сусветнай гіст.-культ. спадчыны, краязнаўства і гісторыі геагр. адкрыццяў.

Тв.:

Каменец: Ист.-экон. очерк. Мн., 1975;

Рабочий класс и переустройство быта современного села. Мн., 1982;

Социальное переустройство села. Мн., 1985;

Памятники всемирного наследия. Мн., 1998.

т. 8, с. 290

Кісель Міхаіл Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 406

КІ́СІНДЖЭР ((Kissinger) Генры Альфрэд) (н. 27.5.1923, г. Фюрт, Германія),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат, палітолаг. Д-р філасофіі (1954). У 1938 з бацькамі эмігрыраваў у ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1951—69). Адначасова кансультант па знешнепаліт. і ваен.-паліт. праблемах Аб’яднанага к-та начальнікаў штабоў (1956—60), Савета нац. бяспекі ЗША (1961—62), Агенцтва па кантролі над узбраеннямі і раззбраенні ЗША (1961—68), дзярж. дэпартамента ЗША (1965—69). У 1969—75 пам. прэзідэнта ЗША па нац. бяспецы. У 1973—77 дзярж. сакратар ЗША. Садзейнічаў спыненню вайны ЗША у В’етнаме 1964—73. З 1977 выкладчык Джорджтаўнскага ун-та ў Вашынгтоне, навук. супрацоўнік Гуманітарных даследаванняў Аспена інстытута, кансультант па знешнепаліт. пытаннях шэрагу карпарацый і н.-д. цэнтраў ЗША. З 1983 кіраўнік Нац. двухпарт. камісіі па Цэнтр. Амерыцы. Аўтар кніг «Ядзерная зброя і знешняя палітыка» (1956), «Патрывожанае партнёрства: пераацэнка Атлантычнага саюза» (1965), «Гады ў Белым доме» (1979), «Гады зрухаў» (1982) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1973 (разам з Ле Дык Тхо).

Тв.:

Рус. пер. — Дипломатия. М., 1997.

Г.А.Кісінджэр.

т. 8, с. 291