КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.
Г.В.Кісялёў.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)