КІРЭНА́ІКА,
гістарычная вобласць на У сучаснай Лівіі. Пл. каля 700 тыс. км². На ўзбярэжжы Міжземнага м. плато Барка (выш. да 876 м). На Пд ад яго — Лівійская пустыня. Клімат трапічны, сухі, на крайняй Пн субтрапічны міжземнаморскі. Расліннасць пустынная і паўпустынная. У 7 ст. да н.э. ў прыбярэжнай паласе былі засн. грэч. гарады: гал. з іх — Кірэна. У 6—4 ст. да н.э. пад уладай Ахеменідаў, потым Аляксандра Македонскага, Пталамеяў, Стараж. Рыма, Візантыі. У 642 н.э. заваявана арабамі, у 1517 — туркамі. Пасля італа-турэцкай вайны 1911—12 часткова акупіравана італьян. войскамі, да 1928 — цалкам. З 1942 занята брыт. войскамі. У 1951—63 адна з трох правінцый Лівіі. У 1963 падзелена на 3 мухафазы.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)