ВЯСЁЛЫ Касьян
(сапр. Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),
бел. пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.
Тв.:
Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;
Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;
Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 401
ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ,
водны слалам, адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.
т. 4, с. 402
ВЯСЛЯ́РНЫ СПОРТ,
адзін з водных відаў спорту; уключае веславанне акадэмічнае (на суднах з уключынамі), веславанне на байдарках і каноэ і вяслярны слалам (на суднах без уключын). Да вяслярнага спорту адносяць таксама гонкі на ялах, шлюпках, прагулачных лодках. На Беларусі развіваецца з 1930-х г.
т. 4, с. 402
ВЯСНА́,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд. — вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач. мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.
т. 4, с. 402
«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»
(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),
бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.
М.А.Лазарук.
т. 4, с. 402
ВЯСНУ́ШКІ,
змены спадчыннага характару ў скуры чалавека, якія праяўляюцца гіперпігментнымі плямкамі. Праяўленне вяснушак часта бывае сямейным. Ва ўзросце 3—5 гадоў на адкрытых участках скуры (твар, нос, лоб, шыя, кісці рук і інш.) з’яўляюцца дробныя, акруглыя светла-карычневага колеру плямкі, якія паступова пігментуюць і павялічваюцца ад 2—3 да 5—8 мм у дыяметры. Паверхня іх гладкая. Найчасцей бывае ў бландзінаў і рыжавалосых людзей. Лячэнне: кераталітычныя і адбельвальныя сродкі.
т. 4, с. 402
ВЯСНЯ́НКА
(Erophila),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вяснянка веснавая (Erophila verna), нар. назва крупка. Расце на пясках на ўзлесках і лясных палянах, каля дарог і на сухіх схілах, зрэдку як пустазелле на палях.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 2—20 см з прамастойным ці ўзыходным бязлістым сцяблом. Лісце сабранае ў разетку, падоўжана-эліпсоіднае ці ланцэтнае, апушанае, сядзячае або звужанае ў чаранок. Кветкі дробныя, двухполыя, белыя, у кароткіх малакветных гронках. Плод — голы эліпсоідны стручочак. Эфемер (цвіце ў крас.—маі, поўны цыкл развіцця праходзіць за 1—2 тыдні, потым адмірае). Лек. (выкарыстоўваецца пры цынзе, панарыцыях, параніхіях) і кармавыя расліны.
т. 4, с. 402
ВЯСНЯ́НКА,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу каля в. Ліцвінкава Лагойскага р-на Мінскай вобл. Паклад звязаны з канцова-марэннымі ўтварэннямі сярэднеплейстацэнавага зледзянення. Разведаныя запасы больш за 36 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—21 м, ускрышы 0,2—10,5 м. Жвір і пясок прыдатныя для буд. работ. Распрацоўваецца з 1966.
А.П.Шчураў.
т. 4, с. 402
ВЯСНЯ́НКІ
(Plecoptera),
атрад прымітыўных насякомых. Вядомы з пермскай эпохі. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. Жывуць каля праточных вадаёмаў. У Віцебскай вобл. Зарэгістраваны 6 відаў, найчасцей трапляецца вяснянка шэрая (Nemura cinerea).
Цела даўж. да 30 мм, падоўжанае, мяккае, на заднім канцы 2 хваставыя ніткі. Галава з доўгімі вусікамі. У самак 2 пары празрыстых крылаў, пярэднія вузкія, заднія шырокія, у спакоі складваюцца веерападобна; у самцоў пакарочаныя або адсутнічаюць. Ротавы апарат грызучы, у дарослых рэдукаваны. Лятаюць ранняй вясной (адсюль назва). Ператварэнне няпоўнае. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, драпежныя. Дарослыя вяснянкі і іх лічынкі — корм для рыб.
т. 4, с. 402
ВЯСТА́ЛКІ,
у Старажытным Рыме жрыцы багіні Весты, якія падтрымлівалі вечны агонь у яе храме. Для пасвячэння ў вясталкі адбіралі дзяўчынак 6—10 гадоў, якія на працягу 30 гадоў павінны былі выконваць жрэцкія абавязкі і захоўваць зарок цнатлівасці. Вясталак, якія парушалі зарок, жывымі закопвалі ў зямлю. Вясталкі карысталіся выключнымі пашанамі і прывілеямі. Асуджаныя злачынцы, якія выпадкова сустракалі вясталку, падлягалі вызваленню.
т. 4, с. 403