ВЯСНА́,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд.вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач. мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)