Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІ́ЛА ГУ́КУ,

тое, што інтэнсіўнасць гуку.

т. 14, с. 375

СІ́ЛА ІНЕ́РЦЫІ,

вектарная фіз. велічыня, лікава роўная здабытку масы матэрыяльнага пункта (часціцы) на модуль яго паскарэння і накіраваная процілегла паскарэнню.

Пры крывалінейным руху часціцы адрозніваюць датычную С.і. Fτ = maτ і нармальную (цэнтрабежную) С.і. Fn = man , дзе m — маса часціцы, aτ — тангенцыяльнае паскарэнне, an — нармальнае паскарэнне. Ураўненне часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку мае выгляд maад = F + Fпер + Fкар , дзе F — раўнадзейная ўсіх знешніх сіл, што дзейнічаюць на часціцу; Fпер = maпер — пераносная С.і.; aад і aпер — адноснае і пераноснае паскарэнні (гл. Адносны рух), Fкар — Карыяліса сіла. С.і. прапарцыянальная масе і таму нагадвае гравітацыйную сілу (сілу прыцягнення), што дазваляе параўноўваць рух часціцы адносна неінерцыяльнай сістэмы адліку з яе свабодным рухам у дадатковым («эквівалентным») гравітацыйным полі (гл. Эквівалентнасці прынцып).

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 375

СІ́ЛА СВЯТЛА́,

фізічная велічыня, якая характарызуе свячэнне крыніцы бачнага выпрамянення ў зададзеным напрамку; адна з асн. светлавых велічынь. С.в. роўная адносінам светлавога патоку, які распаўсюджваецца ад кропкавай крыніцы ўнутры элементарнага прасторавага вугла ў зададзеным напрамку, да лікавага значэння гэтага вугла. Адзінка С.с. ў СІкандэла.

т. 14, с. 375

СІЛА ТО́КУ,

скалярная фіз. велічыня, якая вызначае скорасць праходжання эл. зараду ў эл. ланцугу; адна з асн. характарыстык электрычнага току. С.т. роўная адносінам эл. зараду dq да інтэрвалу часу dt, за які гэты зарад перанесены праз папярочнае сячэнне правадніка: i = dq/dt. Для вымярэння С.т. карыстаюцца амперметрамі. Адзінка С.т. ў СІампер.

т. 14, с. 375

СІ́ЛА ЦЯЖА́РУ,

сіла, якая дзейнічае на кожны матэрыяльны пункт, што знаходзіцца паблізу паверхні Зямлі, і роўная геам. суме сілы прыцягнення Зямлі і цэнтрабежнай сілы інерцыі. Напрамак С.ц. — вертыкаль у дадзеным пункце зямной паверхні. Аналагічна вызначаюцца С.ц. на кожнай планеце Сонечнай сістэмы.

т. 14, с. 375

СІЛЕ́ЗІЯ (польск. Śląsk, чэш. Slezsko, ням. Schlesien),

гістарычная славянская вобласць у верхнім і сярэднім цячэнні р. Одра (Одэр). Большая частка ў складзе Польшчы (Апольскае, Дольнашлёнскае, Шлёнскае і інш. ваяводствы). Паўд. С. часткова ў складзе Чэхіі (раёны каля граніцы з Польшчай).

Назва С., верагодна, ад сілінгаў — часткі стараж.-герм племя вандалаў, якія жылі тут да 6 ст. н.э. З 6—7 ст. заселена славянамі. У пач. 10 ст. С. ў складзе Чэхіі (дзяржавы Пржэмыславічаў), з 990 — Польшчы (дзяржавы Пястаў). У 1000 насельніцтва С. прыняло хрысціянства. З 1138 С. — удзельнае княства, у 1163—73 і пасля 1241 раздроблена. З пач. 13 ст. тут сяліліся і ням. каланісты (продкі сілезскіх немцаў). У 1-й пал. 14 ст. зноў увайшла ў Чэхію. З 1526 С. (акрамя Севежскага, Асвенцімскага, Заторскага княстваў) — уладанне аўстр. Габсбургаў. У выніку Сілезскіх войнаў (1740—42, 1744—45) і Сямігадовай вайны 1756—63 большая частка С. ўключана ў склад Прусіі (акрамя княстваў Опава і Цешын, тэр. якіх засталася пад уладай Габсбургаў — т.зв. Аўстрыйская С.). У 1793 і 1844 у рэгіёне адбыліся Сілезскія паўстанні ткачоў. У 1919 пруская правінцыя С. (утворана ў 1807) падзелена на правінцыі Верхняя С. з цэнтрам у г. Опельн (Аполе) і Ніжняя С. з цэнтрам у г. Брэслаў (Вроцлаў); тут адбыліся Сілезскія паўстанні 1919, 1920, 1921. З 1920 б. Аўстрыйская С. ў складзе Чэхаславакіі. У 1922 Саветам Лігі Нацый каля ​1/3 Верхняй С. перададзена Польшчы. У кастр. 1938 (пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 аб падзеле тэр. Чэхаславакіі) польскія войскі занялі Цешынскую С. Пасля 2-й сусв. вайны рашэннем Патсдамскай канферэнцыі 1945 большая частка С. вернута Польшчы (гэта становішча прызнана герм.-польскім дагаворам аб межах 14.11.1990); у 1946 тут праведзена масавая дэпартацыя сілезскіх немцаў, частка іх вярнулася ў рэгіён у 1950-я і 1970-я г.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 14, с. 377

СІЛЕ́ЗСКІЯ ВО́ЙНЫ,

назва войнаў Прусіі супраць Аўстрыі за авалоданне Сілезіяй (належала Аўстрыі); састаўная частка вайны за Аўстрыйскую спадчыну. У выніку 1-й (1740—42) і 2-й (1744—45) С.в. большая частка Сілезіі была захоплена Прусіяй. Спроба Аўстрыі вярнуць Сілезію ў ходзе Сямігадовай вайны 1756—63 (часам яе наз. 3-й С.в.) была безвыніковай.

т. 14, с. 377

СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́Ў Паўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс. чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.

т. 14, с. 378

СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1920, 1921,

узброеныя выступленні палякаў Верхняй Сілезіі (знаходзілася ў складзе Германіі) з мэтай далучэння рэгіёна да адноўленай польскай дзяржавы пасля 1-й сусв. вайны. Паўстанне 1919 пачалося стыхійна 17 жн. і адбывалася пераважна як лакальныя выступленні ў паўд.-ўсх. частцы Верхняй Сілезіі атрадаў падп. Польскай арганізацыі вайсковай. Не падтрыманае ўрадам Польшчы, ліквідавана герм. войскамі. Паўстанне 1920 адбылося 18—28 жн. ў сувязі з абвастрэннем у краі міжнац. адносін (антыпольск. акцыі немцаў). Паўстанцы патрабавалі ліквідацыі тут ням. узбр. арг-цый, стварэння «польскай грамадз. аховы» і інш. Яны авалодалі шэрагам паветаў. Пасля прыняцця Міжсаюзніцкай камісіяй дзяржаў, што перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, рашэння аб стварэнні змешанай паліцыі, палякі спынілі паўстанне. Паўстанне 1921 (пачалося 3 мая ноччу) было рэакцыяй на неспрыяльныя для мясц. палякаў вынікі плебісцыту 20.3.1921. У ходзе паўстання баставалі 190 тыс. рабочых, з іх 60 тыс. выступілі са зброяй. Паўстанцы авалодалі шэрагам паветаў, утварылі Вярх. ўладу, Выканаўчы к-т і Гал. камандаванне, да канца чэрв. супраціўляліся герм. войскам, што прыбылі сюды. Па патрабаванні Антанты ў сярэдзіне чэрв. — 5 ліп. ваен. сілы паўстанцаў і герм. войскі эвакуіраваны з рэгіёна. С.п. 1919, 1920, 1921 падштурхнулі Савет Лігі Нацый прыняць 12.10.1921 рашэнне аб перадачы Польшчы 29% усёй тэр. Верхняй Сілезіі з 46% насельніцтва.

т. 14, с. 377

СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,

дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.​Опіц, які першы пачаў пісаць філас. грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.​Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.​Г.​Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.​Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.

Літ.:

Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 378