Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІДЗУО́КА,

горад у Японіі, на Пд цэнтр. часткі в-ва Хонсю. Адм. ц. аднайм. прэфектуры. Каля 500 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Аванпорт С. — г. Сімідзу. Цэнтр раёна вырошчвання мандарынаў і чаю. Прам-сць: электра- і тэкст. машынабудаванне, аўтамабіле-, авія- і суднабудаванне, каляровая і чорная металургія, вытв-сць мэблі, лакавых вырабаў, тэкст., папяровая, харчасмакавая (чайная). Ун-т.

т. 14, с. 369

СІДЗЯ́К (Віктар Аляксандравіч) (н. 24.11.1943, г. Анжэра-Суджанск Кемераўскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (фехтаванне на шаблях). Засл. майстар спорту СССР (1968). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1973). З 1973 інструктар спарт. клуба Беларускай ваен. акругі. Чэмпіён XIX (1968, Мехіка), XXI (1976, г. Манрэаль, Канада), XXII (1980, Масква) і сярэбраны прызёр XX (1972, г. Мюнхен, Германія) Алімп. гульняў у камандным заліку. Чэмпіён XX і бронз. прызёр XXI Алімп. гульняў у асабістым заліку. Чэмпіён свету (1969, Гавана; 1970, Анкара; 1971, Вена; 1974, г. Грэнобль, Францыя; 1975, Будапешт; 1979, г. Мельбурн, Аўстралія) і сярэбраны прызёр (1973, г. Гётэбарг, Швецыя) у камандным заліку. Чэмпіён свету (1969), сярэбраны (1973) і бронз. (1971, 1974) прызёр у асабістым заліку. Чэмпіён СССР у камандным (1968, 1970, 1972, 1974, 1976, 1978, 1980) і асабістым (1973, 1978) заліках.

В.А.Сідзяк.

т. 14, с. 370

СІ́ДНЕЙ (Sydney),

горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс. ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).

Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал. прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.

У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.​Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.​Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.

Панарама Сіднея.
Сідней. Дзелавы цэнтр.

т. 14, с. 370

СІДО́Р (Сяргей Іванавіч) (25.5.1937, в. Янаўшчына Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.7.1998),

бел. географ. Д-р пед. н. (1991), праф. (1992). Скончыў БДУ (1964). З 1971 у Магілёўскім пед. ін-це. З 1974 у БДУ, адначасова з 1995 нам. рэдактара час. «Геаграфія: праблемы выкладання». Навук. працы па эканам. геаграфіі Беларусі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для школ і ВНУ.

Тв.:

Социально-экономическая география СССР: наука и учебная дисциплина. Мн., 1989;

Хрестоматия по экономической географии БССР. Мн., 1991 (у сааўт.);

Займальная геаграфія Беларусі. Мн., 1995 (разам з С.​М.​Адзінцовым).

І.​М.​Шаруха.

т. 14, с. 370

Сідорскі Сяргей Сяргеевіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІДР (ад франц. cidre),

слабае насычанае вуглякіслым газам віно, якое атрымліваюць зброджваннем яблычнага соку. Мае 5—7% (аб’ёмных) этылавага спірту; паводле колькасці цукру падзяляюць на салодкі (мае цукру 10 г/л), паўсухі (5 г/л) і сухі (менш за 0,3 г/л). Пачалі вырабляць у Паўн. Францыі, дзе С. наз. любы алкагольны напітак, атрыманы з яблыкаў.

т. 14, с. 370

СІ́ДРА, Сірт Вялікі,

заліў Міжземнага м. каля берагоў Лівіі. Даўж. 115 км, шыр. каля ўвахода 465 км, глыб. да 1374 м. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Парты — Бенгазі, Марса-эль-Бурэйка, Эс-Сідэр.

т. 14, с. 370

СІ́ДЫ-БЕЛЬ-АБЕ́С,

горад на ПнЗ Алжыра. Адм. ц. аднайм. вілайі. Засн. ў 1843. Каля 200 тыс. ж. (2001). На аўтадарозе і чыгунцы, якія злучаюць Алжыр з Марока. Аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: харч. (мукамольная, сыраробчая, алейная), абутковая, с.-г. машынабудаванне. Прадпрыемствы па зборцы радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў.

т. 14, с. 370

СІДЭРАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ (ад грэч. sidēros жалеза + phileō люблю),

група хім. элементаў з іонамі пераходнага тыпу. Да іх належаць элементы (пераважна VIII групы перыядычнай сістэмы), жалеза, кобальт, нікель, рутэній, родый, паладый, осмій, ірыдый, тытан, малібдэн, рэній. Вылучаны В.​М.​Гольдшмітам у 1924 як група элементаў, што складаюць ядры планет. Пры звычайных умовах С.э. ферамагнітныя або парамагнітныя. У прыродзе трапляюцца ў самародным выглядзе (плаціна самародная, осмісты ірыдый), утвараюць злучэнні з серай і мыш’яком (напр., сульфіды і арсеніды жалеза, кобальту, нікелю), з кіслародам (напр., магнетыт, гематыт, ліманіт) і інш. элементамі. У зямной кары найб. пашыраны жалеза (4,65%), менш — кобальт (1,8∙10​−3%) і нікель (5,8∙10​−3%). Багатыя С.э. і жалезныя метэарыты (да 80—90% жалеза, 6—18% нікелю, 0,5—1% кобальту і інш.), у меншай колькасці каменныя.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 370

СІДЭРА́ЦЫЯ (ад франц. sidération),

заворванне зялёнай масы раслін-сідэратаў (зялёнага ўгнаення) для абагачэння глебы арган. рэчывам і азотам. Для С. вырошчваюць пераважна бабовыя культуры — лубін, сырадэлю, рутвіцу, баркун, чыну, канюшыну і інш.

Расліны на фазе цвіцення заворваюць ці скошваюць для ўгнаення інш. палёў. С. спрыяе павышэнню ўрадлівасці глеб (асабліва пясчаных, супясчаных і эрадзіраваных) і ўраджайнасці (напр., збожжавых культур на 8—10 ц/га, бульбы на 40—50 ц/га). Сідэраты вырошчваюць як прамежкавыя культуры, ці сеюць у міжрадкоўі.

т. 14, с. 370