Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКУРАТО́ВІЧ ((Skuratowicz) Пётр) (1.8.1891, в. Вялікія Філіпкавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.крас. 1940),

польскі ваенны дзеяч. Ген. брыгады Войска Польскага (1939). Скончыў кадэцкі корпус у Полацку (1909), вучыўся ў кав. школе ў Елізаветградзе (цяпер Кіраваград, Украіна; 1909—11). З 1917 у 1-м польскім корпусе ген. Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага, з 1918 у Войску Польскім. Камандаваў шэрагам польскіх кав. злучэнняў, у т. л. Цэнтрам навучання кавалерыі ў г. Грудзёнз. У 1939 інтэрніраваны сав. войскамі. Загінуў у лагеры для ваеннапалонных.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

т. 14, с. 483

СКУ́РА ШТУ́ЧНАЯ,

матэрыял прамысл. вытв-сці, які выкарыстоўваюць як заменнік натуральнай скуры. Паводле характару вытв-сці, тыпу матэрыялаў і вырабаў адрозніваюць С.ш. мяккія, цвёрдыя (тыпу кардону) і сінт. падэшвенныя матэрыялы; класіфікуюць таксама паводле прызначэння (абутковыя, адзежныя, галантарэйныя, дэкаратыўна-гаспадарчыя, тэхн. і інш.).

Мяккія С.ш. — пераважна мнагаслойныя рулонныя матэрыялы, якія маюць валакністую аснову (тканіна, трыкатаж, нятканыя матэрыялы і інш.) з нанесеным на яе палімерным (каўчукавым, поліамідным, полівінілхларыдным, нітрацэлюлозным і інш) ці сумешчаным (з сумесі асобных палімераў) пакрыццём У абутковай прам-сці для вырабу верху абутку шырока выкарыстоўваюць сінтэтычную скуру — С.ш. на нятканай аснове з порыстым вонкавым поліэфірурэтанавым пакрыццём, якая знешнім выглядам і ўласцівасцямі падобная на мяккую вырабленую скуру. Мяккія С.ш. выкарыстоўваюць таксама ў швейнай, скургалантарэйнай, паліграф. прам-сці. Цвёрдыя С.ш. — адна- ці мнагаслойныя ліставыя матэрыялы, якія вырабляюць праклейваннем суспензіі скураных і раслінных валокнаў (размолатыя адходы гарбарнай, абутковай, швейнай вытв-сці, утылю) пераважна латэксамі сінтэтычнымі з наступнай апрацоўкай паводле тэхналогіі, блізкай да тэхналогіі вытв-сці паперы і кардону. Моцныя, устойлівыя да сцірання, захоўваюць фіз.-мех. ўласцівасці ў намочаным стане. Выкарыстоўваюць для вырабу ўнутр. (вусцілкі, заднікі) дэталей абутку, дарожных сумак і чамаданаў. Сінтэтычныя падэшвенныя матэрыялы выкарыстоўваюць для вырабу падэшваў, падноскаў, абцасаў, набоек. Да іх адносяць падэшвенную гуму — фармаваныя і штампаваныя дэталі і пласціны порыстыя (гл. Сітаватая гума) і маналітныя, а таксама фармаваныя дэталі з пенаполіурэтанаў і падэшвы з тэрмапластаў і тэрмаэластапластаў. Гл. таксама Гарбарная прамысловасць.

т. 14, с. 482

СКУ́РКА,

гл. ў арт. Эпідэрміс.

т. 14, с. 483

СКУРКО́ (Віталь Васілевіч) (23.9.1933, в. Ойценава Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.2000),

бел. вучоны ў галіне механікі і педагог. Канд. тэхн. н. (1968), праф. (1993). Скончыў БПІ (1956). У 1956—73 на інж.-тэхн. і н.-д. рабоце ў АН Беларусі і ін-це «Белдзіпраторф». З 1973 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1975—2000 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях механізацыі здабычы торфу, праблемах выкладання нарысоўнай геаметрыі і інж. графікі ў ВНУ радыёэлектроннага профілю.

Тв.:

Инженерная графика: Элементы машинной графики. Ч. 1. Мн., 1991 (у сааўт.);

Злучэнні дэталей у прыборах РЭА і ЭВА: Альбом вучэб. чарцяжоў. Мн., 1996 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

т. 14, с. 483

СКУРКО́ (Іосіф Уладзіміравіч) (24.2.1938, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 2.7.1989),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, у Бюро міжнар. маладзёжнага турызму «Спадарожнік», у апараце СМ Беларусі. У 1974—89 на Бел. тэлебачанні. Друкаваўся з 1962. Аўтар зб. лірыкі «Бацькоўскі парог» (1973). Вершы С. вылучаюцца мілагучнасцю і меладычнасцю, прасякнуты грамадз. пафасам, любоўю да роднага краю; на многія з іх напісаны песні. Напісаў сцэнарый дакумент. фільма «Драўгістэ — дружба». На бел. мову пераклаў паасобныя творы В.​Бокава, Б.​Кежуна, А.​Твардоўскага, К.​Шавялёвай, М.​Нагнібеды, К.​Галчынскага і інш.

Тв.:

Весніцы: Вершы, песні. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 483

СКУ́РНЫЯ ХВАРО́БЫ,

тое, што дэрматозы.

т. 14, с. 483

СКУРЫСТАКРЫ́ЛЫЯ, вухавёрткі (Dermaptera),

атрад насякомых. Каля 1300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Вядомы з пермскага перыяду. Вільгаце- і цеплалюбівыя. Актыўныя пераважна ноччу. На Беларусі найб. трапляюцца вухавёрткі: агародная (Forficula tomis) і звычайная (F. auricularia).

Даўж. 3,5—50 мм. Цела прадаўгаватае, цёмнае, з 2 клешчападобнымі прыдаткамі на канцы брушка. Ротавы апарат грызучы. Пярэднія крылы цвёрдыя, укарочаныя, заднія шырокія, перапончатыя, часта адсутнічаюць. Ператварэнне няпоўнае. Кормяцца жывёльнымі і расл. рэшткамі. Некат. шкодзяць с.-г. культурам.

т. 14, с. 483

СКУ́ТЭР (англ. scooter ад scoot імчацца),

аднамеснае гоначнае судна з падвесным маторам адвольнай канструкцыі, але з поршневым рухавіком і без наддуву. Мае ў плане форму трох- ці чатырохвугольніка, днішча плоскае з рэданам (уступ для стварэння пад’ёмнай сілы, пад уздзеяннем якой судна пачынае слізгацець па паверхні вады — глісіраваць). Тэрмін «С.» быў прыняты толькі ў СССР; з’явіўся ў 1928 пасля пабудовы моталодкі па замежным праекце, што меў назву «Scooter».

т. 14, с. 483