Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПТУШЫ́НЫЯ БАЗА́РЫ, птушыныя кірмашы, птушыныя горы,

масавыя каланіяльныя гняздоўі марскіх птушак, пашыраныя на ўзбярэжжах Еўразіі, Амерыкі, Паўд. Афрыкі, Новай Зеландыі, на акіянічных астравах Паўд. паўшар’я. Звычайна размяшчаюцца на стромкіх скалах, што прылягаюць да раёнаў мораў з высокай біял. прадукцыйнасцю, з берагамі, прыдатнымі для гнездавання. На П.б. суіснуюць віды, якія адрозніваюцца выбарам гнездавога ўчастка, кармамі і спосабамі іх здабычы. Найб. характэрныя прадстаўнікі П.б.: кайры, чысцікі, глупышы, чайкі-мыеўкі, бургамістры, белабрушкі, берынгавыя бакланы і інш. Гнездаванне на П.б. памяншае гібель яец птушанят ад драпежнікаў (напр., чайкі і крачкі сумесна адганяюць пясцоў і лісоў). Найб. буйныя П.б. налічваюць дзесяткі, а то і сотні тысяч пар гняздуючых птушак, распасціраюцца на дзесяткі кіламетраў.

Птушыны базар.

т. 13, с. 112

ПТЫ́ЛІУМ (Ptilium),

род брыевых імхоў сям. гіпнавых. 1 від. Пашыраны ў хваёвых лясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі П. грабеньчаты (P. crista-castrensis) трапляецца на глебе, гнілой драўніне.

Двухдомная лістасцябловая расліна. Дзярнінкі рыхлыя, жаўтавата- або светла-зялёныя, бліскучыя, маюць парасткі ў выглядзе страусавага пяра. Сцёблы 5—20 см, ляжачыя або ўзыходныя. Сцябловае лісце серпападобна выгнутае, ланцэтнае, звужанае ў шылападобную верхавінку. Каробачка нахіленая або гарызантальная на чырванаватай ножцы. Каўпачок клабукападобны.

Птыліум грабеньчаты.

т. 13, с. 112

ПТЭЛЕ́Я, скуранка,

вязовік (Ptelea),

род кветкавых раслін сям. рутавых. 11 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Мексіцы. На Беларусі інтрадукаваны 6 відаў, найб. пашырана П. трохлістая (P. trifoliata).

Лістападныя кусты або дрэвы выш. 6—8 м. Лісце чаргаванае, трайчастае, цёмна-зялёнае, бліскучае, са своеасаблівым пахам. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронках або шчытках. Плод — крылатка. Драўніна цяжкая, цвёрдая, прыгожай тэкстуры, ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Птэлея трохлістая.

т. 13, с. 112

ПТЭРАЗА́ЎРЫ, лятаючыя яшчары (Pterosauria),

атрад вымерлых паўзуноў падкласа архазаўраў. 2 падатр.: рамфарынхі і птэрадактылі, каля 35 родаў, 110 відаў. Вядомы з адкладаў позняга трыясу (Італія), юрскага і мелавога перыядаў на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Паходзяць ад псеўдазухій. Прыстасаваныя да палёту. Насялялі прыбярэжную зону мораў і дэльты рэк (некат., магчыма, маглі і плаваць).

Цела пакрывалі густыя воласападобныя прыдаткі («поўсць»). Крылы ўтвораны скурнай складкай-перапонкай паміж пярэднімі канечнасцямі і целам (па тыпе лятучых мышэй), у размаху ад 7 см да 15 м. Шкілет лёгкі. моцны, пнеўматычны. Чэрап з вял. вачніцамі і падоўжанымі сківіцамі. Мелі зубы (у некат. рагавая дзюба). Шыя падоўжаная і гнуткая. Карміліся рыбай, воднымі беспазваночнымі. паветранымі насякомымі. Магчыма, былі яйцароднымі і гамаятэрмнымі жывёламі.

Птэразаўры: 1 — рамфарынх; 2 — дымарфадон.

т. 13, с. 113

ПТЭРЫГІНА́НДРУМ (Pterigynandrum),

род брыевых імхоў сям. энтадонтавых. 3 віды. Пашыраны ў лясной паласе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі рэліктавы від П. ніткападобны (P. filiforme), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў разрэджаных хваёвых і мяшаных лясах на валунах, пнях, зрэдку на лугах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя або рыхлыя, зялёныя, жоўта-зялёныя, бураватыя, бліскучыя. Сцёблы паўзучыя ці ўзыходныя, вілавата- або кусціста-разгалінаваныя. Лісце чарапічнае, каротказавостранае. Каробачка на ножцы, прамастойная, цыліндрычная, жаўтавата-карычневая.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Птэрыгінандрум ніткападобны.

т. 13, с. 113

ПТЭРЫДАСПЕ́РМЫ (Pteridospermae, або Cycadofilices),

насенныя папараці, падклас, па інш. сістэматыцы клас (Pteridospermopsida) стараж. вымерлых голанасенных. 6 парадкаў. Існавалі ў познім дэвоне — раннім меле. Узялі пачатак ад прагімнаспермаў. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі роду Archaeopteris (споры) выяўлены ў адкладах верхняга дэвону.

Былі прадстаўлены дрэвавымі, ліянападобнымі і травяністымі формамі. Мелі лісце папарацепадобнага тыпу (часам адбіткі лісця П. не адрозніваюцца ад лісця сапр. папарацей, пазбаўленых спарангіяў). У адрозненне ад большасці інш. голанасенных не мелі выразных муж. ці жан. стробілаў. Размнажаліся насеннем, якое размяшчалася па адным на канцах парасткаў. Розныя групы П., магчыма, далі пачатак бенетытам, цыкадавым, хвойным.

т. 13, с. 113