ПТЭРЫДАСПЕ́РМЫ (Pteridospermae, або Cycadofilices),
насенныя папараці, падклас, па інш. сістэматыцы клас (Pteridospermopsida) стараж. вымерлых голанасенных. 6 парадкаў. Існавалі ў познім дэвоне — раннім меле. Узялі пачатак ад прагімнаспермаў. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі роду Archaeopteris (споры) выяўлены ў адкладах верхняга дэвону.
Былі прадстаўлены дрэвавымі, ліянападобнымі і травяністымі формамі. Мелі лісце папарацепадобнага тыпу (часам адбіткі лісця П. не адрозніваюцца ад лісця сапр. папарацей, пазбаўленых спарангіяў). У адрозненне ад большасці інш. голанасенных не мелі выразных муж. ці жан. стробілаў. Размнажаліся насеннем, якое размяшчалася па адным на канцах парасткаў. Розныя групы П., магчыма, далі пачатак бенетытам, цыкадавым, хвойным.
т. 13, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)