ПТЭРАЗА́ЎРЫ, лятаючыя яшчары (Pterosauria),

атрад вымерлых паўзуноў падкласа архазаўраў. 2 падатр.: рамфарынхі і птэрадактылі, каля 35 родаў, 110 відаў. Вядомы з адкладаў позняга трыясу (Італія), юрскага і мелавога перыядаў на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Паходзяць ад псеўдазухій. Прыстасаваныя да палёту. Насялялі прыбярэжную зону мораў і дэльты рэк (некат., магчыма, маглі і плаваць).

Цела пакрывалі густыя воласападобныя прыдаткі («поўсць»). Крылы ўтвораны скурнай складкай-перапонкай паміж пярэднімі канечнасцямі і целам (па тыпе лятучых мышэй), у размаху ад 7 см да 15 м. Шкілет лёгкі. моцны, пнеўматычны. Чэрап з вял. вачніцамі і падоўжанымі сківіцамі. Мелі зубы (у некат. рагавая дзюба). Шыя падоўжаная і гнуткая. Карміліся рыбай, воднымі беспазваночнымі. паветранымі насякомымі. Магчыма, былі яйцароднымі і гамаятэрмнымі жывёламі.

Птэразаўры: 1 — рамфарынх; 2 — дымарфадон.

т. 13, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)