Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕАДКЛА́ДНАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА,

лячэбныя мерапрыемствы, якія праводзяць на этапе мед. эвакуацыі з мэтай вывядзення хворага са стану, небяспечнага для жыцця. Гл. Хуткая медыцынская дапамога.

т. 11, с. 252

НЕАДНАРО́ДНЫЯ ХВА́ЛІ,

электрамагнітныя ваганні, у якіх плоскасці роўных фаз і роўных амплітуд непаралельныя. Узнікаюць у празрыстых асяроддзях пры поўным адбіцці і ў паглынальных (узмацняльных) асяроддзях пры падзенні выпрамянення нахільна да мяжы асяроддзяў. Уласцівасці Н.х. улічваюцца ў разліках пры распрацоўцы аптычных прылад, напр., хваляводаў і аптычных ліній сувязі, лазераў хваляводнага тыпу і інш.

Тэорыя Н.х. распрацавана ў Ін-це фізікі АН Беларусі Ф.І.Фёдаравым у 1950—70-я г. на аснове каварыянтных метадаў. Н.х. адрозніваюцца тым, што вектары эл. і магн. палёў ляжаць у розных плоскасцях і апісваюць розныя крывыя (за выключэннем выпадку кругавой палярызацыі). Паток і шчыльнасць энергіі такіх хваль залежаць ад палярызацыі зыходнага выпрамянення. На ўласцівасцях Н.х. заснавана з’ява бакавога зрушэння адбітага праменя (Фёдарава зрух). У крышталях пры адсутнасці падвойнага праменепраламлення магчыма ўзнікненне Н.х., палярызацыя якіх змяняецца з глыбінёй пранікнення паводле лінейна-экспаненцыяльнага закону (хвалі Фёдарава—Пятрова).

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Петров Н.С., Федоров Ф.И. Новый вид плоских электромагнитных волн в поглощающих кристаллах // Оптика и спектроскопия. 1963. Т. 15, № 6.

М.С.Пятроў.

т. 11, с. 252

НЕАДО́ЛЬНАЯ СІ́ЛА, форс-мажор (лац. vis major, франц. force majeure) у праве, падзеі, надзвычайныя абставіны, якія не могуць быць прадугледжаны, прадухілены або ліквідаваны якімі-н. мерамі. Да Н.с. ў заканадаўстве і дагаворнай практыцы адносяць стыхійныя бедствы (напр., землетрасенні, навадненні) і інш. непрадбачаныя і непазбежныя абставіны. У выніку Н.с. адзін з бакоў у цывільна-прававых адносінах міжвольна становіцца прычынай страт другому. У такой сітуацыі Н.с. з’яўляецца акалічнасцю, якая вызваляе ад адказнасці.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 11, с. 253

НЕАДЫ́М (лац. Neodymium),

Nd, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 60, ат. м. 144,24; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў з масавымі лікамі 142—146, 148, 150; ізатопы ​144Nd i ​150Nd слабарадыеактыўныя; найб. колькасць ​142Nd (27,07%) i ​144Nd (23,78%). У зямной кары 2,5·10​−3% па масе. Адкрыты ў 1885 аўстр. хімікам К.Аўэрам фон Вельсбахам, назва ад неа... і грэч. didymos — блізня, двайнік (празеадыму).

Мегал светла-шэрага колеру, tпл 1016 °C, шчыльн. 6905 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем, мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам. Метал. Н. атрымліваюць электролізам расплаву фтарыду NdF3 ці хларыду NdCl3, а таксама кальцыятэрмічным аднаўленнем гэтых злучэнняў. Выкарыстоўваюць як кампанент мішметалу (сплаву рэдказямельных элементаў), алюмініевых і магніевых сплаваў, як актыватар лазерных матэрыялаў, аксід Nd2O3 — у вытв-сці аптычнага шкла.

т. 11, с. 253

НЕАЗНАЧА́ЛЬНАСЦЕЙ СУАДНО́СІНЫ,

фундаментальныя суадносіны квантавай механікі, якія ўстанаўліваюць межы дакладнасці адначасовага вызначэння пэўных пар фіз. велічынь, у прыватнасці — кананічна спалучаных дынамічных пераменных, напр., каардынаты і імпульсу мікрачасціцы. Устаноўлены В.К.Гайзенбергам (1927) пры аналізе ўяўных эксперыментаў па вымярэнні каардынат і імпульсаў квантавага аб’екта.

Вынікаюць з карпускулярна-хвалевай прыроды квантавых аб’ектаў, фармальна — з уласцівасцей тых матэм. аб’ектаў (аператараў), якія апісваюць фіз. велічыні ў апараце квантавай механікі. Запісваюцца ў выглядзе няроўнасцей віду Δx Δpx h/2 , дзе Δx = ( Δx ) 2 і Δpx = ( Δpx ) 2 — неазначальнасці (сярэднеквадратычныя адхіленні ад сярэдніх значэнняў) аператараў каардынаты і кампаненты імпульсу адпаведна; h = h/2π , дзе hПланка пастаянная. Такія ж суадносіны выконваюцца для каардынат y і z і адпаведных кампанентаў імпульсу. Аналагічныя суадносіны маюць месца і для інш. пар фіз. характарыстык мікрааб’ектаў, напр., энергіі і часу жыцця сістэмы ў зададзеным стане, вугла павароту вакол зададзенай восі і праекцыі на яе моманту імпульсу. Н.с. вызначаюць спосаб найпрасцейшых ацэнак колькасных характарыстык квантавых сістэм.

Л.М.Тамільчык.

т. 11, с. 253

НЕАЗНАЧА́ЛЬНАЯ ФО́РМА ДЗЕЯСЛО́ВА,

гл. Інфінітыў.

т. 11, с. 253

НЕАІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад неа... + імпрэсіянізм),

кірунак у жывапісе канца 19—1-й пал. 20 ст. Засн. ў Францыі каля 1885 Ж.Сёра і П.Сіньякам. Тэрмін уведзены Ф.Фенеонам у 1886. Н. навукова абгрунтаваў раскладанне тонаў на чыстыя колеры і прыём пісьма раздзельнымі мазкамі (гл. Пуантылізм), адвяргаў выпадковасць і фрагментарнасць кампазіцый імпрэсіянізму, вызначаўся абагульненай, плоскасна-дэкар. манерай жывапісу, які нагадваў пано. Паслядоўнае аптычнае змяшэнне чыстых тонаў спектра стварала эфект асляпляльна белага святла і разам з тым «выцвітання», бялёсасці каларыту. У розныя часы да Н. звярталіся А.Матыс, А.Дэрэн, Р.Дэланэ, Дж.Северыні, Дж.Бала, ім захапляліся В. ван Гог, Э.Бернар, П.Гаген і інш. Н. пашырыўся ў Галандыі (Артс, Брэмер, Вейлбрыф), Італіі (П. да Вальпеда, Дж.Сеганціні і інш.), пад уплывам бельгійцаў Т. ван Рэйселберге і А. ван дэ Велдэ да Н. звярталіся ў Германіі П.Баўм, К.Герман, К.Рольфс, І.Гаўптман.

Л.Ф.Салавей.

Да арт. Неаімпрэсіянізм. П.Сіньяк. Хвоя. Сен-Трапез.

т. 11, с. 253

НЕАКАЛАНІЯЛІ́ЗМ,

вызначэнне, якое выкарыстоўваецца як агульная назва сістэмы нераўнапраўных (эканам. і паліт.) адносін паміж краінамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі і развітымі краінамі Еўропы і Паўн. Амерыкі пасля распаду калан. імперый у сярэдзіне 20 ст. Ажыццяўляецца ў форме пранікнення ў новыя незалежныя краіны транснац. карпарацый, прадастаўлення фін., эканам. і інш. дапамогі, далучэння гэтых краін да ваен. і эканам. саюзаў. Спалучае метады эканам. і паліт. націску і некат. уступак у эканам. сферы.

т. 11, с. 253

НЕАКАНСЕРВАТЫ́ЗМ (ад неа... + кансерватызм),

кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.К.Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.Рэйган, М.Тэтчэр, Г.Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і

сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.

Літ.:

Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;

Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг. М., 1986;

Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ. М., 1992.

В.Дз.Марозаў.

т. 11, с. 253

НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,

ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш. Найб. вядомымі былі марбургская (Г.Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.

Літ.:

Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;

Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;

Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.

Т.І.Адула.

т. 11, с. 254