Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НА́НЦКІ ЭДЫ́КТ 1598,

эдыкт, падпісаны франц. каралём Генрыхам IV [1589—1610] у крас. 1598 у г. Нант; завяршыў рэлігійныя войны ў Францыі. Складаўся з 93 афіц. і 36 тайных артыкулаў. Паводле Н.э. каталіцызм заставаўся пануючай рэлігіяй, але гугеноты атрымалі свабоду веравызнання і набажэнства ў гарадах (акрамя Парыжа і некаторых інш.), у сваіх замках і шэрагу сельскіх мясцовасцей, права займаць суд.-адм. і ваен. пасады; для разбору суд. спраў гугенотаў пры парламентах у Парыжы, Тулузе, Бардо і Грэноблі былі створаны асобыя палаты, якія складаліся напалавіну з гугенотаў; ім дазвалялася склікаць паліт. канферэнцыі і сіноды (сходы). Паводле тайных артыкулаў Н.э. (не былі зарэгістраваны парыжскім парламентам) гугеноты атрымалі 100 т.зв. «гарантыйных» крэпасцей з гарнізонамі (галоўныя — Манпелье, Мантабан, Ла-Рашэль), права мець войска і інш. паліт. прывілеі, несумяшчальныя з сутнасцю цэнтралізаванай дзяржавы. Пасля вайны з гугенотамі 1621—29 тайныя артыкулы Н.э. скасаваны, у т. л. ліквідаваны «гарантыйныя» крэпасці гугенотаў. З сярэдзіны 17 ст. асн. палажэнні Н.э. сістэматычна парушаліся каралём Людовікам XIV, які канчаткова адмяніў яго ў 1685, што прывяло да эміграцыі каля 500 тыс. гугенотаў.

т. 11, с. 141

НАНЬНІ́Н,

горад на Пд Кітая. Адм., прамысл., навук. і культ. цэнтр Гуансі-Чжуанскага аўт. раёна. 1,1 млн. ж., з прыгарадамі 2,6 млн. ж. (1992). Трансп. вузел. Порт на р. Юцзян (Сіцзян). Цэнтр важнага с.-г. раёна. Прам-сць: каляровая і чорная металургія, маш.-буд. (рачныя судны, станкі, горнае абсталяванне, с.-г. машыны), хім., харч. (мясакамбінат, млыны, цукр. з-ды), лёгкая, папяровая. Ун-т.

т. 11, с. 141

НАНЬЦЗІ́Н,

другая назва г. Нанкін у Кітаі.

т. 11, с. 141

НАНЬЧА́Н,

горад на У Кітая, на р. Ганьцзян. Адм. ц. прав. Цзянсі. Каля 1,2 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, водных шляхоў у сістэме воз. Паянху. Цэнтр буйнога с.-г. раёна.

Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць станкоў, аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын), папяровая, фарфора-керамічная, лёгкая (пераважна тэкст.), харч., цэлюлозна-папяровая, хімічная. Ун-т. Музей Рэвалюцыі.

т. 11, с. 141

НАНЬЧА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1927.

Пачалося 1 жн. ў г. Наньчан з паўстання салдат Нац.-рэв. арміі (каля 20 тыс. чал.), якія абвясцілі сябе кіт. Чырв. арміяй (галоўнакамандуючы Хэ Лун). Быў створаны Рэв. к-т Гаміньдана, у які фактычна ўвайшлі адны камуністы (Чжоў Эньлай, Чжан Гатао, Лінь Бяо і інш.). Паўстанцы раззброілі гаміньданаўскі гарнізон Наньчана і накіраваліся на Пд Кітая, дзе меркавалі стварыць рэв. базу ў Гуанчжоў пад лозунгамі радыкальнай агр. рэвалюцыі. Не здолеўшы знайсці падтрымку ў сялянства, паўстанцы ў канцы вер. 1927 былі разбіты каля г. Шаньтоў. Невял. іх група на чале з Чжу Дэ прабілася да пач. 1928 у прав. Хунань, дзе на яе аснове быў створаны 4-ы корпус кіт. Чырв. арміі. Дзень Н.п. адзначаецца ў Кіт. Нар. Рэспубліцы як Дзень Арміі.

В.У.Адзярыха.

т. 11, с. 141

НАНЬША́НЬ,

горная сістэма ў Кітаі паміж Цайдамскай катлавінай на Пд і пустыняй Алашань на Пн. Часам разглядаецца як частка Куньлуня. Даўж. каля 800 км, шыр. да 320 км. Складаецца з некалькіх кароткіх высокіх хрыбтоў, размешчаных паралельна або кулісападобна, якія цягнуцца пераважна з ПнЗ на ПдУ і падзяляюцца падоўжанымі далінамі. Асн. хрыбты: Ціляньшань, Сулэнаньшань з выш. да 6346 м, Улан-Дабан, Дакэн-Дабан, Кукунор. Паўн. хрыбты ўзвышаюцца над пустыняй Алашань да 4500 м, адносныя перавышэнні паўд. схілаў Н. каля 1500 м. Паўд. адгор’і часта ўтвараюць рады кароткіх кражаў. Складзены пераважна з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карставы альпійскі рэльеф, каля 1000 ледавікоў. Зледзяненне развіта пераважна ў Зах. Н. пераважаюць ледавікі даўж. 1—2 км. Снегавая лінія зніжаецца з 3 на У ад 5200 да 4200 м. Большая ч. Н. адносіцца да вобласці ўнутр. сцёку Цэнтр. Азіі, паўд.-ўсх. раёны — да бас. р. Хуанхэ. Рэкі мнагаводныя вясной і летам. На З пераважаюць пустыні і стэпы, на У — лесастэпы і стэпы, хваёвыя лясы, лугі. Радовішчы жал. і поліметалічных руд.

т. 11, с. 141