НАНЬША́НЬ,
горная сістэма ў Кітаі паміж Цайдамскай катлавінай на Пд і пустыняй Алашань на Пн. Часам разглядаецца як частка Куньлуня. Даўж. каля 800 км, шыр. да 320 км. Складаецца з некалькіх кароткіх высокіх хрыбтоў, размешчаных паралельна або кулісападобна, якія цягнуцца пераважна з ПнЗ на ПдУ і падзяляюцца падоўжанымі далінамі. Асн. хрыбты: Ціляньшань, Сулэнаньшань з выш. да 6346 м, Улан-Дабан, Дакэн-Дабан, Кукунор. Паўн. хрыбты ўзвышаюцца над пустыняй Алашань да 4500 м, адносныя перавышэнні паўд. схілаў Н. каля 1500 м. Паўд. адгор’і часта ўтвараюць рады кароткіх кражаў. Складзены пераважна з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карставы альпійскі рэльеф, каля 1000 ледавікоў. Зледзяненне развіта пераважна ў Зах. Н. пераважаюць ледавікі даўж. 1—2 км. Снегавая лінія зніжаецца з 3 на У ад 5200 да 4200 м. Большая ч. Н. адносіцца да вобласці ўнутр. сцёку Цэнтр. Азіі, паўд.-ўсх. раёны — да бас. р. Хуанхэ. Рэкі мнагаводныя вясной і летам. На З пераважаюць пустыні і стэпы, на У — лесастэпы і стэпы, хваёвыя лясы, лугі. Радовішчы жал. і поліметалічных руд.
т. 11, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)