Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАЛІ́ЎКІН (Дзмітрый Васілевіч) (13.8.1889, С.-Пецярбург — 2.3.1982),

расійскі геолаг і палеантолаг. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1933). Замежны член Сербскай АН (1968). Скончыў Горны ін-т у Петраградзе (1915), з 1920 праф. гэтага ін-та. У 1946—51 старшыня Прэзідыума Туркм. філіяла АН СССР, у 1946—52 дырэктар Лабараторыі азёразнаўства АН СССР. Навук. працы па стратыграфіі, палеанталогіі, палеагеаграфіі палеазою і карысных выкапнях Урала, Сярэдняй Азіі, Усх.-Еўрап. платформы, па вывучэнні фацый і інш. Кіраваў складаннем геал. карт СССР. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1946. Залаты медаль імя М.М.Пржавальскага 1927. Залаты медаль імя А.П.Карпінскага АН СССР 1949.

Тв.:

Учение о фациях: Геогр. условия образования осадков. Т. 1—2. М.; Л., 1955—56;

Геология СССР. М.; Л., 1962;

Ураганы, бури и смерчи. Л., 1969.

т. 11, с. 134

НАЛКО́ЎСКАЯ ((Nałkowska) Зоф’я) (10.11.1884, Варшава — 17.12.1954),

польская пісьменніца. Скончыла Варшаўскую прыватную гімназію (1901). У 1922—27 жыла ў Гродне, была куратарам патранату (апекі) вязняў гродзенскай турмы, памагала бел., польск., літ. зняволеным. Дэбютавала як паэтэса вершам «Я памятаю» (1898), як празаік — навелай «Арліца» (1903). Першыя раманы «Жанчыны» (1906), «Князь» (1907), «Нарцыза» (1910) напісаны ў стылявой манеры, уласцівай л-ры «Маладой Польшчы». У зб. апавяд. «Таямніцы крыві» (1917), рамане «Граф Эміль» (1920) праявілася маральнае асуджэнне 1-й сусв. вайны. Праблеме адбудавання Польшчы прысвечаны «Раман Тэрэзы Генерт» (1923). Гродзенская тэматыка ў аснове яе лепшых раманаў «Нядобрае каханне» (1928), «Мяжа» (1935), «Вузлы жыцця» (1948), драмы «Дзень яго вяртання» (1931), эсэ «У шалашы» (1924), «Гродна» (1926), «Нёман» (1934) і інш. Вострыя сац. і паліт. праблемы, псіхалогія чалавека адлюстраваны ў раманах «Галкі» (1927), «Нецярплівыя» (1938), драме «Дом жанчын» (1930) і інш. Аўтар зб-каў псіхал. мініяцюр «Характары» (1922), навел пра лагеры смерці «Медальёны» (1946), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў, дзённікаў. На бел. мову асобныя яе апавяданні пераклаў Я.Брыль. Дзярж. прэмія Польшчы 1953.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Сад: Кн. пол. апаваданняў. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

Літ.:

Мусиенко С.Ф. Творчество Зофьи Налковской. Мн., 1989;

Rogatko B. Zofia Nałkowska. Warszawa, 1980.

С.П.Мусіенка.

т. 11, с. 134

НАЛО́БАВА (Вера Леанідаўна) (н. 29.8.1943, в. Крыўча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі і селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1999). Скончыла БСГА (1965). З 1972 у Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, з 1991 у Бел. НДІ агародніцтва (заг. лабараторыі). Навук. працы па імунітэце агароднінных культур і селекцыі агурка. Аўтар і сааўтар раянаваных і перспектыўных сартоў агурка: Верасень, Зарніца, Світанак, Беларускі, Карал і гібрыдаў Янус і Зубраня.

Тв.:

Создание исходного материала огурца с устойчивостью к комплексу болезней // Весці Акад. аграрных навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 3;

Многолетняя динамика болезней огурца в открытом грунте в условиях Беларуси // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1997. № 4.

т. 11, с. 134

НА́ЛЬЧЫК,

горад, сталіца Кабардзіна-Балкарыі ў Рас. Федэрацыі. Размешчаны ў перадгор’ях Каўказа, на р. Нальчык. Засн. ў 1817. 237,1 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Н. — шматгаліновы прамысл. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (ВА «Паўнкаўкэлектронмаш», «Паўнкаўкэлектрапрыбор» і «Тэлемеханіка»; з-ды паўправадніковых прыбораў, электравакуумны, высакавольтнай апаратуры, маш.-буд., станкабуд. і інш.), каляровая металургія, хім., харчасмакавая, лёгкая; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. Кабардзіна-Балкарскі ун-т. 2 тэатры (драм. і музычны). 3 музеі (краязнаўчы, выяўл. мастацтваў; дом-музей М.Ваўчок).

Бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у перадгор’ях Вял. Каўказа на выш. 555 м. Лекавыя фактары: умерана-кантынентальны клімат, мінер. воды Беларэчанскіх крыніц (тэрмальная ёдабромная, тэрмальная азотна-хларыдна-натрыевая гідракарбанатная, сульфідная і інш.). Мінер. воды выкарыстоўваюцца на пітное лячэнне, ванны, душы, арашэнні, пры хваробах страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, сэрца і сасудаў, абмену рэчываў, нерв. і скурных. Гразелячэнне глеевымі гразямі Тамбуканскага возера. Санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку. Хваёва-лісцевы парк, канатныя дарогі і інш.

Горад Нальчык.

т. 11, с. 134

НАЛЬШЧА́НЫ, Нальшаны,

балцкая племянная групоўка, гіст. вобласць, якая, на думку некат. даследчыкаў (У.Ц.Пашута і інш.), знаходзілася на паўн.-зах. ускраіне Беларусі. Як народ упамінаюцца ў Дублінскім рукапісе. Адна з ням. хронік сталіцай Н. называе Крэва. У 1258 на іх напалі мангола-татарскія войскі Бурундая і валынскага кн. Васількі Раманавіча. У міжусобнай барацьбе паміж Літвой і Жамойцю (1260-я г.) Н. сталі на бок апошняй і іх князь Даўмонт у 1263 забіў кн. Міндоўга. У 1264 кн. Войшалк заваяваў Н. і ўключыў іх у склад ВКЛ.

М.І.Ермаловіч.

т. 11, с. 134