НАЛКО́ЎСКАЯ ((Nałkowska) Зоф’я) (10.11.1884, Варшава — 17.12.1954),
польская пісьменніца. Скончыла Варшаўскую прыватную гімназію (1901). У 1922—27 жыла ў Гродне, была куратарам патранату (апекі) вязняў гродзенскай турмы, памагала бел., польск., літ. зняволеным. Дэбютавала як паэтэса вершам «Я памятаю» (1898), як празаік — навелай «Арліца» (1903). Першыя раманы «Жанчыны» (1906), «Князь» (1907), «Нарцыза» (1910) напісаны ў стылявой манеры, уласцівай л-ры «Маладой Польшчы». У зб. апавяд. «Таямніцы крыві» (1917), рамане «Граф Эміль» (1920) праявілася маральнае асуджэнне 1-й сусв. вайны. Праблеме адбудавання Польшчы прысвечаны «Раман Тэрэзы Генерт» (1923). Гродзенская тэматыка ў аснове яе лепшых раманаў «Нядобрае каханне» (1928), «Мяжа» (1935), «Вузлы жыцця» (1948), драмы «Дзень яго вяртання» (1931), эсэ «У шалашы» (1924), «Гродна» (1926), «Нёман» (1934) і інш. Вострыя сац. і паліт. праблемы, псіхалогія чалавека адлюстраваны ў раманах «Галкі» (1927), «Нецярплівыя» (1938), драме «Дом жанчын» (1930) і інш. Аўтар зб-каў псіхал. мініяцюр «Характары» (1922), навел пра лагеры смерці «Медальёны» (1946), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў, дзённікаў. На бел. мову асобныя яе апавяданні пераклаў Я.Брыль. Дзярж. прэмія Польшчы 1953.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Сад: Кн. пол. апаваданняў. Мн., 1982;
Рус. пер. — Избранное. М., 1979.
Літ.:
Мусиенко С.Ф. Творчество Зофьи Налковской. Мн., 1989;
Rogatko B. Zofia Nałkowska. Warszawa, 1980.
С.П.Мусіенка.
т. 11, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)