Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЫ́СЛЬБЕК ((Myslbek) Іозеф Вацлаў) (20.6.1848, Прага — 2.6.1922),

чэшскі скульптар; заснавальнік чэш. скульпт. школы пач. 20 ст. Вучыўся ў Празе ў майстэрнях Т.Сейдана (1864—66) і В.Левы (1867—70), у АМ (1868—72). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе (з 1885) і АМ (1896—1919) у Празе. Зазнаў уплыў А.Радэна. У творчасці эвалюцыяніраваў ад рамантызму да рэалізму і неакласіцызму. Стварыў узнёслыя, манум. вобразы гіст. дзеячаў Чэхіі і герояў нар. эпасу, якія спалучаюць сімвалічную абагульненасць трактоўкі з жыццёвай канкрэтнасцю. Сярод твораў: дэкар. скульптуры партала Нац. т-ра (1871—72), скульпт. групы на мосце Ф.Палацкага (1881—97), помнік св. Вацлаву (1888—1912), партрэтная статуя кардынала Шварцэнберга ў саборы св. Віта (1891—95), помнік Ф.Л.Рыгеру (1903—14; усе ў Празе), статуі для будынка парламента ў Вене (пач. 1880-х г.), серыя алегарычных статуй «Музыка» (1892—1912), партрэтныя бюсты, надмагіллі і інш.

т. 11, с. 51

МЫСХА́КА,

мыс на Чорным м., на Пд ад г. Новарасійск (Расія). У Вял. Айч. вайну ў 1943 у раёне М. сав. дэсант захапіў плацдарм, названы «Малой Зямлёй». У раёне М. — мемарыяльны ансамбль.

т. 11, с. 51

МЫТ,

інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).

т. 11, с. 51

МЫ́ТА, мыт, цло,

грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.

З.Ю.Капыскі.

т. 11, с. 51

МЫ́ТВА, Мотва, Мутва,

рака ў Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 430 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пн ад в. Бярозаўка Мазырскага р-на, цячэ ў межах Мазырскага і Гомельскага Палесся. Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная (шыр. да 2 км), у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая (шыр. ад 300 м да 1,3 км), месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча каналізаванае. На рацэ створана Бабруйскае вадасховішча.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць мытна-прававыя адносіны. Асн. крыніцы М.п. Рэспублікі Беларусь — Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб мытным тарыфе» 1993 з наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі, а таксама нормы цывільнага і адм. заканадаўства. Як навука М.п. ўяўляе сабой сукупнасць ведаў пра мытна-прававыя адносіны, разнастайнасці мытных рэжымаў, мытна-прававую адказнасць і г.д. М.п. таксама разглядаюць як вучэбную дысцыпліну — спец. курс, што выкладаецца студэнтам юрыд. і некаторых эканам. ВНУ.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНАЯ БЛАКА́ДА,

эканамічная ізаляцыя якой-н. дзяржавай ці групай дзяржаў адной або некалькіх краін з мэтай спыніць ці прыпыніць імпарт тавараў гэтых краін. Ажыццяўляецца шляхам выкарыстання забаронных і наступальных звышпратэкцыянісцкіх пошлін. Спалучаецца з валютнымі абмежаваннямі, устанаўленнем кантынгентаў і квот дапушчальнай да ўвозу прадукцыі, а таксама ўвядзеннем забарон на экспарт у пэўную краіну або на імпарт з яе тавараў. Правядзенне М.б. тармозіць развіццё эканомікі блакіраванай краіны, аднак у некаторых выпадках яна праследуе прагрэсіўныя мэты, напр., большасць дзяржаў свету праводзіла М.б. ПАР і Радэзіі, дзе панавалі расісцкія рэжымы.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

комплекс мер і кірункаў у сферы знешнеэканам. дзейнасці, якая ажыццяўляецца праз мытную сістэму. Мэты М.п. Рэспублікі Беларусь — забеспячэнне найб. эфектыўнага выкарыстання інструментаў мытнага кантролю і рэгулявання тавараабмену на мытнай тэрыторыі краіны, удзел у рэалізацыі гандл.-паліт. задач па абароне бел. рынку, стымуляванні развіцця нац. эканомікі, садзейнічанні ў правядзенні структурнай перабудовы і інш. задач эканам. палітыкі дзяржавы, таксама інш. мэты, што вызначаюцца яе кіраўніцтвам у адпаведнасці з мытным заканадаўствам. Рэспубліка Беларусь імкнецца актыўна ўдзельнічаць у міжнар. супрацоўніцтве ў галіне мытнай справы, якая развіваецца ў кірунку гарманізацыі і уніфікацыі з агульнапрынятымі міжнар. нормамі і практыкай. Асн. сродкамі рэалізацыі М.п. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца: устанаўленне тарыфных і некаторых мер дзярж. мытнага рэгулявання; ажыццяўленне дзярж. мытнага кантролю мытнымі органамі краіны; удзел краіны ў мытных саюзах і інш. формах інтэграцыі эканам. сувязяў з інш. дзяржавамі.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНАЯ СВАБО́ДНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, якая з пункту гледжання мытнага і валютнага права лічыцца за мяжой. Грузы, што пастаўляюцца на гэту тэрыторыю, не абкладаюцца мытнай пошлінай і інш. выдаткамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь да замежных тавараў таксама не ўжываюцца меры эканам. палітыкі, а айчынныя тавары размяшчаюцца і выкарыстоўваюцца ў адпаведнасці з мытным рэжымам экспарту. М.с.з. ствараецца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

т. 11, с. 52

МЫ́ТНІК,

службовая асоба ў ВКЛ, якая збірала пошліну (мыта) з купцоў за ўвоз і вываз тавараў.

т. 11, с. 52