Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́ВІН (Майсей Аронавіч) (22.6.1937, г Віцебск — 28.3.1993),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. і прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1962 у БПА. Навук. працы па буд. механіцы. супраціўленні матэрыялаў, дынаміцы колавых сістэм. Распрацаваў дыскрэтныя мадэлі для разліку кантынуальных сістэм буд. механікі, даследаваў пытанні дэфармацыі і напружання.

Тв.:

Теория качения деформируемого колеса. М., 1989 (разам з М.А.Фуфаевым).

т. 9, с. 179

ЛЕ́ВІНА (Эла Пятроўна) (н. 7.11.1927, Кіеў),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыла Кіеўскі інж.буд. ін-т (1950). З 1953 працавала ў ін-це «Белдзяржпраект», з 1961 у ін-це «Мінскпраект» (гал. архітэктар праектаў). Асн. работы ў Мінску: серыі цагляных і буйнаблочных жылых дамоў; шматпавярховыя жылыя дамы на пр. Машэрава (1962—67), Лагойскім тракце (ад вул. Валгаградскай да вул. Гамарніка), па вул. Казінца, Рэспубліканскай, М.Багдановіча; гандл.-грамадскія цэнтры «Вільнюс» (1975), «Зялёны Луг 5» (1978), «Зялёны Луг 7» (1983); планіроўка, праектаванне і забудова мікрараёнаў Зялёны Луг 1, 2, 3, 5, 7 (1962—80-я г.), шляхаправоды на праспектах Ф.Скарыны і Машэрава (усе ў сааўт.).

т. 9, с. 179

ЛЕВІ́НСКІ ((Levinsky) Іозеф) (20.9.1835, Вена —27.2.1907),

аўстрыйскі акцёр. З 1855 працаваў у правінцыяльных т-рах, з 1858 — у «Бургтэатры» ў Вене. Сярод роляў: Франц, Вурм («Разбойнікі», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Яга, Рычард III, Палоній, Шэйлак («Атэла», «Рычард III», «Гамлет», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), епіскап Нікалас («Барацьба за прастол» Г.Ібсена) і інш. У ролях цынічных ліхадзеяў, крывадушнікаў і разбойнікаў імкнуўся паказаць вытокі зла. Вял. значэнне надаваў знешняй і ўнутр. выразнасці, моўнай характарыстыцы вобраза, дакладнасці індывід. партрэтаў.

т. 9, с. 179

ЛЕВІНСО́Н-ЛЕ́СІНГ (Франц Юльевіч) (9.3.1861, С.-Пецярбург — 25.10.1939),

расійскі геолаг і петрограф. Акад. АН СССР (1925, чл.-кар. 1914). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883). З 1892 праф. Тартускага ун-та, з 1902 — Вышэйшых жаночых курсаў у Пецярбургу, адначасова пецярбургскіх політэхн. ін-та (1902—30) і ун-та (з 1921). У 1925—29 першы дырэктар Глебавага ін-та АН СССР, у 1930—38 заснавальнік і дырэктар Петраграфічнага ін-та АН СССР, першы дырэктар Вулканалагічнай станцыі на Камчатцы. Навук. працы па тэарэт. петраграфіі (абгрунтаваў уяўленні аб петраграфічных правінцыях, даў хім. класіфікацыю горных парод), крышталяграфіі, мінералогіі, вулканалогіі.

Ф.Ю.Левінсон-Лесінг.

т. 9, с. 180

ЛЕВІНЭ́ ((Leviné) Эйген) (Яўген Юльевіч; 23.5.1883, С.-Пецярбург — 5.6.1919),

дзеяч расійскага і германскага рэв. руху. З 1896 вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це. З 1904 у Расіі, чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), з 1905 — яе Пецярбургскага к-та. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Неаднаразова арыштаваны, у т.л. восенню 1908 у Мінску, куды быў накіраваны ў якасці эмісара ЦК партыі эсэраў. У 1908 уцёк у Германію, далучыўся там да левага крыла с.-д. партыі. У час 1-й сусв. вайны чл. камуніст. «Саюза Спартака», з вясны 1918 афіц. прадстаўнік рас. партыі левых эсэраў у Германіі. Удзельнік Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі. Дэлегат устаноўчага з’езда Камуніст. партыі Германіі (снеж. 1918 — студз. 1919), у студз. 1919 прымаў удзел у паўстанні берлінскіх рабочых. З сак. 1919 узначаліў барацьбу за сав. ўладу ў Баварыі, 13—27.4.1919 кіраваў Выканаўчым саветам Баварскай сав. рэспублікі, пасля яе разгрому расстраляны паводле прыгавору ваен.-палявога суда.

Э.А.Ліпецкі.

т. 9, с. 180

Левін Філіп

т. 18, кн. 1, с. 418

ЛЕВІРА́Т (ад лац. levir дзевер),

шлюбны звычай, паводле якога ўдава была абавязана або мела права выйсці замуж за брата свайго памерлага мужа. Быў пашыраны ў многіх народаў у эпоху радавога ладу як перажытак групавога шлюбу. У перыяд распаду радавога ладу і ў класавым грамадстве доўгі час захоўваўся ў некаторых народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі, у яўрэяў і інш. Захаванню Л. садзейнічаў звычай калыму.

т. 9, с. 180

ЛЕВІ́Т (Зігфрыд Натанавіч) (31.3.1919, г. Чарнаўцы, Украіна — 21.3.1978),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Свярдлоўскі пед. ін-т (1944). З 1952 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Гал. працы: «Курс французскай лексікалогіі» (1963), «Да праблемы аналітычнага слова ў сучаснай французскай мове» (1968), «Нарысы па лексікалогіі сучаснай французскай мовы» (1969) і інш.

І.К.Германовіч.

т. 9, с. 180

ЛЕВІТА́Н (Ісак Ільіч) (30.8.1860, г. Кібартай, Літва — 4.8.1900),

расійскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1873—85) у А.Саўрасава і В.Паленава, з 1898 выкладаў у гэтым вучылішчы. З 1884 экспанент, з 1891 чл. Т-ва перасоўных выставак (гл. Перасоўнікі). З 1897 чл. маст. аб’яднання і «Мюнхенскі Сецэсіён». Зазнаў уплыў мастакоў барбізонскай школы. Жыў пераважна ў Маскве. Працаваў у Крыме, на Волзе, у Фінляндыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі. Майстар камернага, лірычнага пейзажа, т. зв. пейзажа настрою. Імкнуўся да раскрыцця найтанчэйшых станаў прыроды, цэласнасці эмацыянальнага вобраза. У 1880-я г. ствараў кампазіцыі з дакладна пабудаванымі прасторавымі планамі, звязанымі ўраўнаважаным колеравым ладам («Вечар. Залаты Плёс», «Пасля дажджу», абодва 1889). Пазней перадача канкрэтных ландшафтаў змянілася ўвасабленнем тыловых рыс, характару рус. прыроды («Вячэрні звон», «Каля віру», абодва 1892). Святлонасычанасць, празрыстасць чыстых колераў, унутр. дынаміка некаторых работ блізікія да стылістыкі імпрэсіянізму («Бярозавы гай», 1885—89; «Сакавік», 1895). У вял. кампазіцыях гэтыя якасці з’яўляюцца сродкам дасягнення мажорнай звонкасці колеру, якая спалучаецца з устойлівай вызначанасцю форм («Свежы вецер. Волга», 1891—95; «Залатая восень», 1895). Творчасць 1890-х г. развівалася ў рэчышчы агульных стылістычных пошукаў рус. мастацтва; вызначалася імкненнем да абагульненасці пісьма, плоскасна-дэкар., вострасілуэтнага вырашэння кампазіцыі, некаторай драматызацыі пейзажнага матыву («Над вечным спакоем», 1894; «Змярканне Стагі», 1899; «Летні вечар», 1900). Скончыў жыццё самагубствам.

Літ.:

И.И.Левитан: Письма. Документы. Воспоминания. М., 1956;

Федоров-Давыдов А.А. И.И.Левитан: Жизнь и творчество. М., 1966.

І.Левітан. Сакавік. 1895.

т. 9, с. 180

ЛЕВІТА́Н (Юрый Барысавіч) (2.10.1914, г. Уладзімір, Расія —4.8.1983),

расійскі дыктар радыё. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арг. СССР (1981). З 1931 працаваў на Усесаюзным радыё. Валодаў рэдкім па тэмбры і выразнасці голасам. Чытаў найб. важныя афіц. паведамленні, у т.л. ў перыяд Вял. Айч. вайны. Дыктарскі стыль вызначаўся высокай акцёрскай культурай, строгай узвышанасцю інтанацыі і адначасова дакладнасцю, прастатой, даступнасцю.

т. 9, с. 181