Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КСЕРАФТАЛЬМІ́Я (ад грэч. xēros сухі + ophthalmos вока),

пашкоджанне вока, якое характарызуецца сухасцю кан’юнктывы і рагавіцы. Бывае пры парушэннях слёзавыдзялення, слізістых залоз кан’юнктывы і рэзкім парушэнні абмену рэчываў у рагавіцы, гіпа- і авітамінозе А, у дзяцей — іншы раз пры страўнікава-кішачных хваробах. Найчасцей прычына К. — трахома, апёкі вачэй і інш. Праяўляецца сухасцю і рэзямі ў вачах; кан’юнктыва сухая, шурпатая, цьмяная, з матава-белымі плямамі; рагавіца без бляску, мутная, прарастае сасудамі; вастрыня зроку паступова зніжаецца. Лячэнне тэрапеўтычнае, іншы раз — хірургічнае.

Л.М.Марчанка.

т. 8, с. 543

КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл. Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.

т. 8, с. 543

КСІЛА..., КСІЛО... (ад грэч. xylon ссечанае дрэва), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з дрэвам, драўнінай як матэрыялам, напр., ксілафон, ксілометр.

т. 8, с. 543

КСІЛАБІЁНТЫ [ад ксіла... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць у драўніне. Найб. характэрныя прадстаўнікі — сярод насякомых (дрэвагрызы, караеды), грыбоў (дрэваразбуральныя і дрэвафарбавальныя грыбы). Пры пэўных умовах шкодзяць лясной гаспадарцы, драўляным пабудовам. Супраць К. апрацоўваюць драўніну антысептыкамі, інсектыцыдамі. Аздараўленню лесу ад шкодных відаў жывёльных К. спрыяюць насякомаедныя птушкі (асабліва дзятлы).

т. 8, с. 543

КСІЛАГРА́ФІЯ (ад ксіла... + ...графія),

гл. Дрэварыт.

т. 8, с. 543

КСІЛАЛІ́Т (ад ксіла... + lithos камень),

штучны буд. матэрыял з сумесі магнезіяльнага вяжучага рэчыва, пілавіння і драўнянай мукі з дабаўленнем тонкадысперсных мінер. рэчываў і пігментаў. Выкарыстоўваецца пераважна для пакрыццяў бясшвовых падлог і асноў пад падлогі з сінт. матэрыялаў.

т. 8, с. 544

КСІЛАФО́Н [ад ксіла... + ...фон(ы)],

самагучальны ўдарны муз. інструмент. Складаецца з храматычна настроеных драўляных брусочкаў рознай даўжыні, размешчаных вертыкальна ў 4 рады на жгутах з саломы (рагожы, гумы). Іграюць на К. драўлянымі палачкамі з патаўшчэннямі на канцах. Шырока вядомы ў многіх народаў свету. У еўрап. сольную канцэртную практыку ўведзены ў 1830-я г. М.Гузікавым, у сімф. аркестр — у канцы 19 ст. Сучасны аркестравы К. мае да 49 брусочкаў, размешчаных звычайна ў 2 рады (накшталт фп. клавіятуры) і прымацаваных да спец. рамы. Асн. разнавіднасці — марымба (з рэзанатарамі — меднымі гільзамі, прымацаванымі пад брусочкамі) і тубафон (з трубкамі замест брусочкаў). Дыяпазон да 4 актаў (ад с​1).

І.Дз.Назіна.

Ксілафон аркестравы.

т. 8, с. 544

КСІЛЕ́МА (ад грэч. xylon ссечанае дрэва),

водаправодзячая тканка сасудзістых раслін. Разам з флаэмай (лубам) утварае праводзячую сістэму, што аб’ядноўвае ўсе органы расліны. Бывае першасная (вытворная пракамбію) і другасная (вытворная камбію). Другасная К. (драўніна) уключае праводзячыя (сасуды, трахеіды — мёртвыя полыя клеткі, што ажыццяўляюць восевы транспарт раствораў), парэнхімныя і мех. элементы. Назапашваецца на працягу жыцця расліны і складаецца з гадавых кольцаў прыросту. Суадносіны паміж К., што функцыянуе (абалонная) і не функцыянуе (ядравая), залежаць ад віду раслін і кліматычных умоў.

т. 8, с. 544

КСІЛО́ЛЫ, дыметылбензолы,

араматычныя вуглевадароды, вытворныя бензолу, C6H4(CH3)2.

Існуюць 3 ізамеры: 1,2-дыметылбензол (орта-К.; tкіп 144,4 °C); 1,3-дыметылбензол (мета-К.; tкіп 139,1 °C); 1,4-дыметылбензол (пара-К.; tкіп 138,3 °C). Бясколерныя вадкасці з араматычным пахам. Не раствараюцца ў вадзе, змешваюцца з этанолам, эфірам, ацэтонам. Утвараюць выбухованебяспечныя парапаветраныя сумесі. Тэхн. К. (сумесь ізамераў) атрымліваюць піролізам ці каталітычным рыформінгам бензіну. Выкарыстоўваюць як растваральнікі лакаў, фарбаў, масцік, як высокаактанавую дабаўку да маторнага паліва; індывідуальныя ізамеры — у сінтэзе фталевых і талуілавых кіслот. Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, пры ўдыханні выклікаюць захворванні крывятворных органаў і нырак, ГДК 50 мг/м³.

На Беларусі вырабляюць асобныя ізамеры К. на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 8, с. 544

КСІЛО́МЕТР (ад ксіло... + ...метр),

прылада для вымярэння аб’ёмаў прадметаў няправільнай формы (першапачаткова пераважна з драўніны). Уяўляе сабой пасудзіну з сазлучанай з ёй градуіраванай празрыстай трубкай, якая паказвае аб’ём вадкасці, выцеснены апушчаным у пасудзіну прадметам.

т. 8, с. 544