Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КСЯНДЗО́ВА ГАРА́,

паселішча 2200—1400 да н.э. сярэднедняпроўскай культуры ў пойме правага берага Дняпра, на ўзгорку Ксяндзова гара, на ўскраіне г. Быхаў Магілёўскай вобл. У выніку даследаванняў К.​М.​Палікарповіча (1928) і І.​І.​Арцёменкі (1956 і 1958) выяўлены рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі, каменных агнішчаў, ачаговых ям. Знойдзены крамянёвыя скрабкі, скрэблы, нажы, клінападобныя сякеры, наканечнікі дроцікаў і стрэл, фрагменты керамікі 3 тыпаў: посуд з круглаватым тулавам і плоскім дном, неарнаментаваныя пласкадонныя пасудзіны слоікападобнай формы, танкасценныя пасудзіны з шарападобным тулавам і круглаватым дном.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́Ў (Аляксандр Паўлавіч) (н. 18.8.1954, в. Баравое Крупскага р-на Мінскай вобл),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978). З 1994 выкладае ў Бел. АМ. Творчасці характэрны сімволіка-алегарычнае асэнсаванне рэчаіснасці, а таксама міфал. і біблейскіх сюжэтаў, якія ён імкнецца ўбачыць праз прызму сучаснасці. Сярод асн. работ: «Прысвячэнне М.​Гусоўскаму» (1980), «Вяртанне на Радзіму» (1982), «Боль» (1983), «Люда» (1985), «Сон» (1988), «Партрэт Т.​Красуцкай» (1989), «Сад багоў», «Дзень нараджэння», «Мур», «Палёт начных матылькоў» (усе 1990), «Тайная вячэра», «Выкраданне Еўропы» (абедзве 1992), «Дзяды» (1994), «Чырвонае віно» (1996), «Картачны домік» (1998).

М.​М.​Паграноўскі.

А.Ксяндзоў. Выкраданне Еўропы. 1992.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́Ў (Рыгор Васілевіч) (н. 23.4.1916, в. Рэчкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў Гомельскі заатэхнікум (1937), Краснадарскае ваен. авіяц. вучылішча (1940), 1-ю Разанскую вышэйшую ваен. школу штурманаў і лётчыкаў авіяцыі далёкага дзеяння (1942), Краснадарскую вышэйшую афіцэрскую авіяц. школу (1952). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, штурман бамбардзіровачнай эскадрыллі авіяцыі далёкага дзеяння. Удзельнік абароны Масквы, Сталінградскай бітвы, прарыву блакады Ленінграда, Бел. аперацыі 1944, баёў на Украіне, у Прыбалтыцы і Польшчы, штурму Берліна; зрабіў 255 баявых вылетаў, з іх 24 да партызан Беларусі. Да 1963 у Сав. Арміі, да 1973 на адм. рабоце.

Р.В.Ксяндзоў.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́Ў (Уладзімір Паўлавіч) (н. 25.7.1951, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на),

бел: археолаг. Д-р гіст. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1973). З 1978 супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе помнікі палеаліту і мезаліту на тэр. Бел. Падняпроўя і бас. Зах. Дзвіны. Вылучыў 2 этапы засялення тэр. Беларусі ў каменным веку. Выявіў у мезаліце Падняпроўя і Падзвіння помнікі грэнскай, яніславіцкай, днепра-дзяснінскай і Кунда археал. культур.

Тв.:

Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988.

т. 8, с. 544

КСЯНДЗО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,18 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 3,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд і З невыразныя. Берагі сплавінныя, месцамі пад хмызняком. На З, Пд і ПдУ забалочаная пойма шыр да 250 м, парослая хмызняком. Дно глеістае. Зарастае.

т. 8, с. 544

Ксяневіч Іван Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 412