КСАНТАФІ́ЛЫ,
натуральныя пігменты з групы караціноідаў; вытворныя караціну, маюць у сабе кісларод. Адрозніваюць больш за 50 К. з рознымі функцыян. групамі (альдэгіды, вокісі, кетоны, спірты, простыя і складаныя эфіры). Знаходзяцца ў лісці, кветках, пладах і пупышках вышэйшых раслін, водарасцях і мікраарганізмах. Разам з флаваноідамі абумоўліваюць восеньскую афарбоўку лісця. Удзельнічаюць у фотасінтэзе як дадатковыя пігменты.
т. 8, с. 542
КСАНТО́МА (ад грэч. xanthos жоўты + ...ома),
паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 8, с. 542
КСАНТО́РЫЯ (Xanthoria),
род ліставатых лішайнікаў сям. целашыставых. 15 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. паўшар’ях. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя К. воскападобная (X. candelaria), насценная (X. parietina), шматплодная (X. polycarpa). Трапляюцца на кары дрэў, камянях. Некат. — нітрафілы і пасяляюцца ў месцах антрапагеннага ўздзеяння (напр., бетон, цэментныя сцены).
Слаявіна ў выглядзе разетак аранжава-чырв. колеру, укрыта каравым слоем, прымацавана да субстрату рызоідамі. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя ці на кароткіх ножках. Сумкі з біпалярнымі бясколернымі аскаспорамі. Фікабіёнт — водарасць роду цыстакокус. Індыкатары забруджвання навакольнага асяроддзя.
В.В.Галубкоў.
т. 8, с. 542