КСАНТО́МА (ад грэч. xanthos жоўты + ...ома),
паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 8, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)