КСІЛЕ́МА (ад грэч. xylon ссечанае дрэва),

водаправодзячая тканка сасудзістых раслін. Разам з флаэмай (лубам) утварае праводзячую сістэму, што аб’ядноўвае ўсе органы расліны. Бывае першасная (вытворная пракамбію) і другасная (вытворная камбію). Другасная К. (драўніна) уключае праводзячыя (сасуды, трахеіды — мёртвыя полыя клеткі, што ажыццяўляюць восевы транспарт раствораў), парэнхімныя і мех. элементы. Назапашваецца на працягу жыцця расліны і складаецца з гадавых кольцаў прыросту. Суадносіны паміж К., што функцыянуе (абалонная) і не функцыянуе (ядравая), залежаць ад віду раслін і кліматычных умоў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)