КСІЛО́ЛЫ, дыметылбензолы,
араматычныя вуглевадароды, вытворныя бензолу, C6H4(CH3)2.
Існуюць 3 ізамеры: 1,2-дыметылбензол (орта-К.; tкіп 144,4 °C); 1,3-дыметылбензол (мета-К.; tкіп 139,1 °C); 1,4-дыметылбензол (пара-К.; tкіп 138,3 °C). Бясколерныя вадкасці з араматычным пахам. Не раствараюцца ў вадзе, змешваюцца з этанолам, эфірам, ацэтонам. Утвараюць выбухованебяспечныя парапаветраныя сумесі. Тэхн. К. (сумесь ізамераў) атрымліваюць піролізам ці каталітычным рыформінгам бензіну. Выкарыстоўваюць як растваральнікі лакаў, фарбаў, масцік, як высокаактанавую дабаўку да маторнага паліва; індывідуальныя ізамеры — у сінтэзе фталевых і талуілавых кіслот. Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, пры ўдыханні выклікаюць захворванні крывятворных органаў і нырак, ГДК 50 мг/м³.
На Беларусі вырабляюць асобныя ізамеры К. на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)