Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕ́МПЕ (Kempe; сапр. Найкоўская) Мірдза Янаўна

(9.1.1907, г. Ліепая, Латвія — 12.4.1974),

латышская паэтэса. Нар. паэтэса Латвіі (1967). Засл. дз. культ. Латвіі (1957). Чл.-кар. АН Латвіі (1973). Вучылася ў Латвійскім ун-це (1927—28). Друкавалася з 1923. У зб-ках вершаў «Ранішні вецер» (1946), «Словы сябра» (1950), «Каханне» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), «Я не магу маўчаць» (1959), «Вечнасць імгненняў» (1964, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Шлях чалавека» (1969), «Шыпшына» (1972) і інш. сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў, адзінства чалавека і прыроды, асэнсаванне сац. супярэчнасцей сучаснай эпохі. Яе лірыка адметная публіцыстычнай палымянасцю, тонкім лірызмам. Некалькі вершаў прысвяціла Беларусі. Пераклала на лат. мову асобныя творы С.Грахоўскага, М.Калачынскага, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Кавалюк, Калачынскі, І.Калеснік, В.Лукша, Ю.Свірка, М.Танк, У.Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ветрык, вей! Мн., 1959;

Рус. пер. — Избранное: Стихотворения, лирические миниатюры. М., 1982.

т. 8, с. 227

КЕ́МПІНГ (англ. camping),

летні лагер для аўтатурыстаў з палаткамі або домікамі лёгкага тыпу і месцамі для стаянкі аўтамабіляў. Функцыянаванне К. заснавана на самаабслугоўванні турыстаў. Пастаяннымі збудаваннямі звычайна з’яўляюцца адм. блок з пунктам пракату быт. прадметаў, спальныя павільёны з пакоямі на 2—4 чал., кухня, душавыя, эстакады для агляду і мойкі аўтамабіляў. К. часам уключаюць сталовую, пральню, спарт. і танц. пляцоўкі, кіназал, аддз. сувязі, крамы і інш.

т. 8, с. 227

КЕ́МПФЕР ((Kaempfer) Энгельберт) (16.9.1651, г. Лемга, Германія — 2.11.1716),

нямецкі ўрач, натураліст, падарожнік па Азіі. Наведаў Паўд. Аравію, в-аў Цэйлон, Індыю, а-вы Суматра і Ява, Індакітай. У 1690 трапіў у Японію (адзін з першых еўрапейцаў) і пражыў там 2 гады. Сабраў звесткі пра гісторыю, прыроду, дзярж. лад краіны, калекцыі, зрабіў шматлікія замалёўкі. Яго твор «Гісторыя Японіі і Сіяма» доўгі час быў гал. крыніцай звестак пра Японію.

т. 8, с. 227