ГО́ДАРД
(Goddard) Роберт (5.10.1882, г. Вустэр, штат Масачусетс, ЗША — 10.8.1945),
амерыканскі вучоны, адзін з заснавальнікаў ракетнай тэхнікі. Скончыў Вустэрскі політэхн. ін-т (1908). З 1914 ва ун-це Кларка (г. Вустэр; з 1919 праф.). У 1942—45 дырэктар Даследчага авіяц. бюро пры мін-ве ВМФ ЗША. Навук. працы па тэорыі касманаўтыкі, стварэнні і выкарыстанні вадкасных ракет. Аўтар 214 патэнтаў на вынаходствы ў галіне ракетнай тэхнікі. Правёў першы ў свеце запуск ракеты з вадкасным ракетным рухавіком (1926). Імя Годарда прысвоена амер. Цэнтру касм. палётаў НАСА і кратэру на Месяцы. Кангрэс ЗША заснаваў медаль Годарда за дасягненні ў галіне ракетабудавання (1959).
Літ.:
Бубнов И.Н. Роберт Годдард, 1882—1945. М., 1978.
т. 5, с. 320
ГО́ДВІН-О́СТЭН,
адна з назваў вяршыні ў Каракаруме; гл. Чагары.
т. 5, с. 320
ГО́ДНАСЦЬ,
паняцце, якое раскрывае ўяўленне аб маральнай каштоўнасці чалавека, адлюстроўвае яго паважлівыя адносіны да самога сябе як асобы, а таксама адносіны грамадства да чалавека, у аснове якіх ляжыць прызнанне самакаштоўнасці асобы. Годнасць напаўняе пэўным асобасным сэнсам пазнавальныя функцыі, матывацыю і паводзіны чалавека. Пачуццё ўласнай годнасці — важны кампанент працэсу развіцця чалавечай духоўнасці, побач з сумленнем і гонарам — адзін са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. Для розных гіст. эпох уласцівы свае ўяўленні аб чалавечай годнасці, якія адлюстроўваюць спецыфічныя сац.-культ. характарыстыкі. Бел. грамадства, якое выбрала дэмакр. шлях развіцця, прызнае годнасць асобы як асн. маральна-прававую каштоўнасць. Рэалізацыя правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдасканальвання і ўзвышэння асабістай годнасці грамадзян.
В.А.Паўлоўская.
т. 5, с. 320
ГО́ДНЕЎ Ціхан Мікалаевіч
(5.4.1893, г. Задонск, Расія — 29.10.1982),
бел. фізіёлаг раслін, заснавальнік навук. школы па біясінтэзе хларафілу. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р біял. н. (1935), праф. (1926). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1916) і працаваў у ім. З 1919 у Астраханскім ун-це, Іванава-Вазнясенскім політэхн. ін-це. З 1927 у БСГА, з 1935 у БДУ. У 1945—73 у Ін-це эксперым. батанікі і Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі, адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па біяхіміі раслінных пігментаў. Прапанаваў новую тэорыю ўтварэння хларафілу. Даказаў адзінства протахларафілу ў раслінным свеце, ператварыў протахларафіл у цемнаце ў хларафіл. Даследаваў стан фотасінтэтычных пігментаў у антагенезе ў залежнасці ад светлавых і тэмпературных умоў, механізм утварэння парфірынаў, а таксама змяненні хларапластаў у антагенезе. Прэмія імя Ціміразева АН СССР 1967.
т. 5, с. 320
ГО́ЕН
(Goyen) Ян ван (13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),
галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.
А.М.Пікулік.
т. 5, с. 321
ГО́ЖА,
вёска ў Гродзенскім р-не, на правым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Гродна — г. Друскінінкай (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на Пн ад Гродна. 1954 ж., 304 двары (1996).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкі двор Ожа (Гожа) у Трокскім ваяв. ВКЛ. З 1598 уладанне Е.Міцуты. З 1671 мястэчка, цэнтр староства. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1885 — 135 ж., 17 двароў, валасное праўленне, мураваны касцёл. У 1921—39 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 506 ж., 139 двароў.
Лясніцтва, малыя прадпрыемствы «Мяжа» і дрэваапрацоўчае. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — касцёл (19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (10 — 7-е тыс. да н.э.), селішча (11—14 ст.). Каля вёскі біялагічны заказнік Гожаўскі, радовішча пяску Гожа.
т. 5, с. 321
ГО́ЖА,
радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн. м³, перспектыўныя 9,96 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.
А.П.Шчураў.
т. 5, с. 321
ГО́ЖАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА
(Województwo Gorzowskie),
адм.-тэр. адзінка на ПнЗ Польшчы. Пл. 8,5 тыс. км, нас. 507 тыс. чал., гарадскога каля 62% (1991). Адм. ц. — г. Гожаў-Велькапольскі. Найб. гарады: Костшын, Хошчна, Дэмбна, Барлінэк і інш. Размешчана на зах. ч. Гожаўскай катлавіны, на Пн заходзіць Паморскае Паазер’е, на Пд — Велікалольскае Паазер’е. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,2 °C, ападкаў 650 мм за год. Гл. рака — Варта (прыток Одры). 44,1% паверхні займаюць лясы. Прам-сць: дрэваапр., папяровая, хім., электратэхн. лёгкая. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, бульбу, кармавыя і тэхн. культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней.
т. 5, с. 321