ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Мікалаевіч) (15.10.1897, в. Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.3.1967),
бел. спявак (барытон), муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў БДУ (1925), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1920—24 артыст БДТ. У 1928—41 і 1944—48 саліст, у 1948—53 адказны рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. У 1933—35 і 1942—44 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст лірыка-драм. плана, выконваў гал. партыі ў операх рус. і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) і інш. Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта.
т. 12, с. 349
ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг. Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял. Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.Райніса). Апублікаваў у лат. друку шмат артыкулаў пра бел. л-ру і тэатр, творчасць Я.Купалы і Я.Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.
У.М.Міхнюк.
т. 12, с. 349
ПІ́ДЖЫН (ад скажонага англ. business справа),
лексічна і граматычна спрошчаная мова, што ўзнікае з неабходнасці зносін паміж 2 народамі, калі адсутнічае інш. агульны сродак моўнай камунікацыі. Тэрмін з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст. для абазначэння гібрыднай мовы, што склалася і ўжывалася ў зносінах паміж кітайцамі і еўрапейцамі. П. узнікае ў выпадках, дзе назіраецца працяглае ўзаемадзеянне паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей, і з’яўляецца адным з вынікаў моўных кантактаў. Выкарыстоўваецца ў сацыяльна абмежаваных сферах камунікацыі (гандаль, найманне рабочай сілы і інш.). Пашыраны пераважна ў Паўд.-Усх. Азіі, Акіяніі і Афрыцы. Мовы на аснове П., якія сталі роднымі для пэўнага калектыву іх носьбітаў, наз. крэольскімі.
Літ.:
Holm J. Pidgins and Creoles. Vol. 1—2. New Jork, 1988—89.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 349
ПІ́ДМАНТ (Piedmont),
перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.
т. 12, с. 349
ПІДО́ПЛІЧКА (Аляксандр Паўлавіч) (10.9.1907, с. Казацкае Звянігародскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 1980),
бел. вучоны ў галіне батанікі і балотазнаўства. Д-р біял. н. (1963). Скончыў Кіеўскі ін-т прафес. адукацыі (1931). У 1945—78 у Ін-це торфу АН Беларусі (з 1947 заг. лабараторыі). Навук. працы па генезісе тарфяных і азёрных адкладаў.
Тв.:
Флора сфагновых (торфяных) мхов Белорусской ССР. Мн., 1948;
Торфяные месторождения Белоруссии: (Генезис, стратиграфия и районирование). Мн., 1961;
Озерные отложения Белорусской ССР: (Генезис, стратиграфия и некоторые качественные особенности). Мн., 1975.
т. 12, с. 349
ПІДУРУТАЛА́ГАЛА,
самая высокая вяршыня на в-ве Шры-Ланка (Цэйлон). Выш. 2524 м, над прылеглымі пласкагор’ямі ўзвышаецца на 500—700 м. Складзена з гранітаў і гнейсаў. Мае купалападобную форму. На схілах — гушчары экватарыяльнага драбналесся, каля падножжа чайныя плантацыі.
т. 12, с. 349
ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),
інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
т. 12, с. 349
ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),
містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.
т. 12, с. 350
ПІЁН ((Pion) Марыс) (Маўрыцы; 11.9.1801, Парыж — 14.2.1869),
польскі танцоўшчык, балетмайстар, тэатр. дзеяч. Творчую дзейнасць пачаў у Парыжы. Працаваў у Польшчы і на Беларусі. У 1818—25 першы танцоўшчык, у 1826—43 балетмайстар і дырэктар «Тэатра Нарадовага»; адначасова з 1832 кіраўнік балетнай школы ў Варшаве (у 1833—34 стажыраваўся ў Парыжскай оперы). У 1837 падрыхтаваў балетную трупу, у рабоце з якой карыстаўся навейшымі метадамі навучання. У большасці пастановак выконваў гал. партыі. У 1843 стварыў уласную балетную трупу, гастраліраваў з ёю ў розных гарадах, у т. л. ў Вільні, Магілёве, Мінску. Стваральнік і кіраўнік Віцебскага балета Піёна. Ставіў балеты на музыку кампазітараў Ю.Дамсе, К.Курпінскага, Ю.Эльснера. У 1852—56 дырэктар т-ра ў Кіеве, з 1868 выкладчык балетнай школы ў Варшаве.
т. 12, с. 350