ПІГУЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Васілевіч) (10.3.1889, г. Гродна — 17.6.1958),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскую гімназію (1907), Пецярбургскі ун-т (1912). З 1922 выкладчык Дзвінскай, у 1924—25 дырэктар Люцынскай бел. гімназій (Латвія). У 1926—34 заг. Бел. аддзела пры Мін-ве асветы Латвіі, пасля займаўся журналістыкай. У 1940—41 інспектар Мін-ва асветы Латвіі. Пасля Вял. Айч. вайны на выкладчыцкай рабоце ў Рызе. Друкаваўся з 1924. Аўтар п’ес «Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад Каляды», «Гідра», вершаў, апавяданняў. Склаў чытанку для бел. школ у Латвіі «Наш край» (1928). На лат. мову пераклаў камедыю Я.​Купалы «Паўлінка» (паст. ў 1949 Латвійскім т-рам імя Я.​Райніса). Апублікаваў у лат. друку шмат артыкулаў пра бел. л-ру і тэатр, творчасць Я.​Купалы і Я.​Коласа. На бел. мову перакладаў творы лат. і чэшскіх пісьменнікаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)