Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕСТАЛО́ЦІ ((Pestalozzi) Іаган Генрых) (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),

Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкі пач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.​Дз.​Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял. значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.

Літ.:

Пинкевич А.П. И.​Г.​Песталоцци. М., 1933;

Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.

І.Г.Песталоці.

т. 12, с. 329

ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦК КПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН БССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, часткова апубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Ю.​Славацкага, У.​Бранеўскага, С.​Дабравольскага, Е.​Путраманта, А.​Чэхава, І.​Франко, Л.​Украінкі, М.​Рыльскага, П.​Тычыны, У.​Сасюры, Л.​Первамайскага і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1969—71;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1984—86.

Літ.:

Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;

Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Ватацы Н.Б. Піліп Пестрак: Бібліягр. памятка. Мн., 1961.

К.​Р.​Хромчанка.

П.С.Пестрак.

т. 12, с. 329

ПЕ́СТРЫКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (1864, Мінск? — ?),

бел. віяланчэліст, педагог, муз.-грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1885). З 1886 у Мінску, выступаў у канцэртах як саліст віяланчэліст і ансамбліст (у трыо з піяністкай А.​Клімовіч і скрыпачом Я.​Чыжэўскім; у квартэце са скрыпачамі Чыжэўскім і І.​Ягудкіным, альтыстам Н.​Рубінштэйнам). Ініцыятар стварэння і кіраўнік харавых калектываў Мінскага муз. т-ва (1896), Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў (1898). З 1907 выкладаў ігру на віяланчэлі ў Мінскім муз. вучылішчы Рубінштэйна.

А.​Л.​Капілаў.

т. 12, с. 330

ПЕ́СТУНІЦА,

вёска ў Віцебскім р-не, на беразе аднайм. возера. Цэнтр Заронаўскага с/с і саўгаса. За 15 км на ПнЗ ад Віцебска. 379 ж., 165 двароў (2000). Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 12, с. 330

ПЕСТЫЦЫ́ДЫ (ад лац. pestis зараза + caedere забіваць),

хімічныя сродкі аховы раслін і жывёл ад шкоднікаў і непажаданых мікраарганізмаў. Больш за 80% П. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Асн. групы П. для аховы с.-г. культур: інсектыцыды — хім. сродкі знішчэння шкодных насякомых, фунгіцыды — сродкі барацьбы з грыбковымі захворваннямі, гербіцыды — сродкі барацьбы з пустазеллем, інсектарэпеленты — для адпужвання і інсектаатрактанты (напр., ферамоны) — для прываблівання насякомых, хемастэрылізатары — пазбаўляюць шкоднікаў здольнасці да размнажэння, заацыды — сродкі знішчэння шкодных грызуноў, птушак, рыб, а таксама рэгулятары росту раслін, дэфаліянты (выклікаюць ранняе ападанне лісця), дэсіканты (падсушваюць расліны на корані), антыдоты для раслін (надаюць устойлівасць да гербіцыдаў).

Дзейная аснова П. — прыродныя або сінт. рэчывы. Звычайна для практычнага выкарыстання на іх аснове рыхтуюць парашкі, эмульсіі, растворы. гранулы, аэразольныя прэпараты. Вядома больш за 10 тыс. найменняў пестыцыдных прэпаратаў. Вытв-сць і выкарыстанне кожнага П. дапускаецца з дазволу дзярж. органаў, адначасова вызначаюцца правілы і тэрміны іх выкарыстання, лімітадапушчальныя нормы астачы П. у прадуктах харчавання і ГДК. у паветры і вадзе.

Літ.:

Мельников Н.Н. Пестициды: Химия, технология и применение. М., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 330

ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),

дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд. т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.

Літ.:

Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;

Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.

В.​В.​Швед.

П.І.Песцель.

т. 12, с. 330

ПЕ́СЦІК,

асноўная частка кветкі (жаночы орган), якая прымае ўдзел ва ўтварэнні плода. Мае завязь, слупок і рыльца. Фарміруецца адным або некалькімі пладалісцікамі. У кветцы бывае адзін (напр., вішня) ці некалькі (напр., півоня) простых песцікаў. Пасля апылення і апладнення ў семязавязі П. пераўтвараецца ў плод.

т. 12, с. 330

ПЕ́СЦІС (Вітольд Казіміравіч) (н. 22.2.1949, в. Парэчча Гродзенскага р-на),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Чл.-кар. Акад. агр. навук Беларусі (1999). Д-р с.-г. н., праф. (1998). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1971). З 1976 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1982 у Гродзенскім с.-г. ін-це (з 1987 заг. кафедры, з 1991 прарэктар, з 1995 рэктар). Навук. працы па распрацоўцы рэцэптуры кармоў і кармавых дабавак для с.-г. жывёл, тэхналогіі вытв-сці комплексных кармавых дабавак, атрыманні мясц. натуральнай крыніцы бялковай, мінер. і вітаміннай сыравіны, павышэнні эфектыўнасці вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі.

Тв.:

Эффективность использования новой кормовой добавки в рационах свиней // Актуальные проблемы интенсивного развития животноводства. Горки, 1996;

Аммонизированный сапропель в рационах молодняка крупного рогатого скота // Зоотехническая наука Беларуси. Мн., 1996. Т. 32;

Озерные сапропели — в кормопроизводство // Животноводство Беларуси. 1998. №1.

В.К.Песціс.

т. 12, с. 330

ПЕСЬ, віціліга (лац. vitiligo хвароба скуры, лішай),

набытая хвароба скуры чалавека, якая выяўляецца дысхраміяй (дэпігментаваныя плямы розных памераў і формы). Узнікненню П. садзейнічаюць нервова-эндакрынныя парушэнні, хранічныя запаленчыя захворванні ўнутр. органаў, інтаксікацыя са зніжэннем забяспечанасці арганізма меддзю, цынкам і інш. Складае 3—4% ад усіх дэрматозаў. Прыкметы: асобныя ці множныя плямы колеру алебастру або слановай косці, схільныя да павелічэння, пры пашыраных формах скура набывае снежна-белы колер, валасы на плямах абясколерваюцца. П. можа спалучацца са склерадэрміяй, колападобным аблысеннем і інш. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 330

ПЕ́ТА... (ад грэч. peta пяць, лік разрадаў па 10​3 у кожным), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​15 зыходнай адзінкі. Пазначаецца П. Напр., 1 ПГц = 10​15 Гц, 1 ПДж = 10​15 Дж.

т. 12, с. 330