Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́РВАЛЬСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1926—27. Утвораны 8.12.1926 у складзе Рэчыцкай акругі, з 9.6.1927 у Гомельскай акрузе. Цэнтр — мястэчка Горваль. Пл. 535 км², нас. 14 761 чал. (1925), 56 нас. пунктаў. Падзяляўся на 20 сельсаветаў. Скасаваны 4.8.1927, тэр. ўвайшла ў Рэчыцкі раён.

т. 5, с. 359

ГО́РДАН

(Gordon) Рычард (н. 5.10.1929, г. Сіэтл, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Вашынгтонскі ун-т (1951). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 12—15.9.1966 з Ч.Конрадам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (двойчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 2 гадз 44 мін); 14—24.11.1969 з Конрадам і А.Бінам здзейсніў палёт да Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-12», на якім зрабіў 44 абароты вакол Месяца. Агульная працягласць палётаў 13,16 сут.

т. 5, с. 359

ГО́РДАН М.ШРАМ

(Gorgon M.Shrum),

Портыдж-Маўнтын, вадасховішча на З Канады, на р. Піс-Рывер. Пл. 1680 км², аб’ём 70,1 км³, даўж. 360 км. Створана ў 1968. Выкарыстоўваецца ў мэтах энергетыкі, суднаходства, барацьбы з паводкамі.

т. 5, с. 359

ГО́РДЗІЕЎ ВУ́ЗЕЛ,

гл. ў арт. Гордзій.

т. 5, с. 359

ГО́РДЗІЙ,

легендарны заснавальнік Фрыгійскага царства, бацька Мідаса. Паводле легенды, аракул параіў фрыгійцам абраць царом таго, хто будзе першы ехаць на калёсах да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій пабудаваў г. Гордзіян, свае калёсы ён прынёс у дар Зеўсу, паставіў іх у храме і заблытаным вузлом прывязаў ярмо да дышля калёс. Лічылі, што той, хто развяжа вузел, будзе валодаць усёй Азіяй. У 334 да н.э. Гордзіян наведаў Аляксандр Македонскі і паспрабаваў развязаць вузел, але не змог і рассек яго мячом (адсюль выраз «рассекчы гордзіеў вузел» — хуткае і смелае вырашэнне заблытанага і складанага пытання).

т. 5, с. 359

ГО́РДЗІЯН

(грэч. Gordion, Gordieion),

старажытная сталіца фрыгійцаў (8—5 ст. да н.э.), на правым беразе р. Сакар’я, каля в. Пебі (Турцыя). Засн. легендарным стваральнікам Фрыгійскага царства Гордзіем. У выніку раскопак выяўлены рэшткі абарончых сцен з каменю і сырцовай цэглы, жытлы, могільнік з багатымі пахаваннямі, якія нагадваюць стараж. пахаванні скіфаў. У 7 ст. да н.э. Гордзіян моцна пашкоджаны кімерыйцамі.

т. 5, с. 359

ГО́РДЫМЕР

(Gordimer) Надзін (н. 20.11.1923, г. Спрынгс, ПАР),

пісьменніца Паўд.-Афр. Рэспублікі. Піша на англ. мове. У зб-ках апавяданняў «Тварам да твару» (1949), «Ліслівы голас змея» (1952), «Напэўна ў панядзелак» (1976), «Абдымкі салдата» (1980), вострапаліт. аповесці «Недзе зусім побач» (1984), раманах «Ілжывыя дні» (1953), «Зямля чужынцаў» (1958), «Магчымасць кахаць» (1963), «Ганаровы госць» (1970), «Гісторыя майго сына» (1990) і інш. адлюстроўвае розныя бакі сучаснага жыцця краіны: сац. і расавую дыскрымінацыю, каханне, адносіны паміж людзьмі. Яе творам уласцівы тонкі псіхалагізм, лірычнасць, сувязь з фалькл. традыцыяй афр. прозы. Нобелеўская прэмія 1991.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1971;

Дом Инкаламу: Рассказы. М., 1982;

Избранное. М., 1989.

т. 5, с. 359

ГО́РКА,

вёска ў Раготнаўскім с/с Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр калгаса. За 24 км ад г.п. Дзятлава, 144 км ад г. Гродна, 20 км ад чыг. ст. Наваельня. 285 ж., 107 двароў (1996). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Георгіеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.).

т. 5, с. 359

ГО́РКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Волга, у Ніжагародскай, Іванаўскай, Кастрамской і Яраслаўскай абласцях Расіі. Утворана плацінай Горкаўскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 1590 км², аб’ём 8,71 км³, даўж. 427 км, найб. шыр. 14 км, глыб. да 22 м. Буйныя залівы па далінах рэк Кастрама, Унжа, Немда і інш. На берагах Горкаўскага вадасховішча гарады Кастрама, Плёс, Кінешма, Юр’евец.

т. 5, с. 360

ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДА коз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.

Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.

т. 5, с. 360