Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЙС (ням. Reise падарожжа),

шлях якога-н. трансп. сродку па пэўным маршруце.

т. 13, с. 566

РЭ́ЙСМУС, рэйсмас (ад ням. reißen чарціць + Maß мера, памер),

інструмент, які выкарыстоўваецца ў метала- і дрэваапрацоўцы для нанясення на загатоўках разметачных ліній паралельна выбранай базавай лініі (гл. Разметка), перанясення памераў з маштабнай лінейкі і інш.

т. 13, с. 567

РЭ́ЙСМУСАВЫ СТАНО́К,

адзін з відаў дрэварэзальных станкоў для прастругвання дошак, брусковых загатовак або шчытавых зборачных адзінак цыліндрычным фрэзераваннем. Рэзальны інструмент — нажавы вал з устаўленымі нажамі, падача загатоўкі — вальцовым механізмам. Для апрацоўкі на Р.с. ў загатоўкі папярэдне фарміруюць 1—2 базавыя паверхні на фугавальным станку.

Схема аднабаковага рэйсмусавага станка: 1 — ролік; 2 — стол; 3 — загатоўка; 4 і 8 — задні і пярэдні падавальныя вальцы; 5 і 7 — задні і пярэдні прыціскачы; 6 — вал з рэжучымі нажамі.

т. 13, с. 567

РЭЙТ, Рыд (Rejt, Reid) Бенядзікт (1451—1534), чэшскі архітэктар, прадстаўнік эпохі позняй готыкі. Прыдворны архітэктар караля Уладзіслава II. Асн. работы: «Уладзіслаўская» зала (1486—1502), «Кавалерыйская» лесвіца (каля 1500), т.зв. Людвікава крыло (1501—09) каралеўскага палаца, вежы Белая, Чорная, Далібарка і Мігулка (канец 15 ст.) у Пражскім Градзе; сабор св. Барбары ў г. Кутна-Гора (1512—47), палац у г. Блатна (1523—30), замак у Забкавіцы (Польшча; 1523—32). Удзельнік перабудовы Пражскага Града (1487—1511).

т. 13, с. 567

РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.​Корсакам і ад Мінскага пав. С.​Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.​Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.

Т.Рэйтан.

т. 13, с. 567

РЭ́ЙТАРЫ (ад ням. Reiter вершнік, коннік),

від цяжкай кавалерыі ў наёмных арміях Зах. Еўропы, у Польшчы, ВКЛ і Расіі ў 16—17 ст. Былі ўзброеныя доўгай шпагай, 2 пісталетамі, ружжом або карабінам, мелі шлем і нагрудныя латы; вялі атаку ў шчыльных баявых парадках. Арганізацыя і тактыка дзеянняў Р. распрацавана Морыцам Аранскім у арміі Нідэрландаў. У пач. 18 ст. Р. паступова выцеснены драгунамі і коннымі егерамі.

Рэйтары (Расія).

т. 13, с. 567

РЭ́ЙТЫНГ (англ. rating ацэнка, клас, разрад),

1) індывідуальны лікавы паказчык (каэф.) дасягненняў шахматыста (шашыста), які мяняецца ў залежнасці ад яго вынікаў на спаборніцтвах. З 1970 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (за аснову падліку Р. прынята сістэма амер. шахматыста А.​Эла) выкарыстоўваецца пры прысваенні міжнар. званняў, напр., гросмайстра (мінім. Р. у жанчын — 2300, у мужчын — 2450). Найб. Р. дасягнуў Г.​Каспараў — 2812 (1991).

2) Ступень папулярнасці вядомых дзеячаў (у галінах палітыкі, культуры, грамадскай дзейнасці), арганізацый і інш., якая вызначаецца шляхам вывучэння грамадскай думкі (вынікі галасавання, сацыялагічных апытанняў, анкет).

т. 13, с. 567

РЭ́ЙТЭНФЕЛЬС (Reutenfels) Якаў, аўтар кніг «Пра маскавіцкія справы» («De rebus Moschoviticis ad serenissimum Magnum Ducem Cosmum Tertium», Patavii, 1680), ураджэнец Курляндскага герцагства. У 1670—73 жыў у Маскве, бываў пры двары цара Аляксея Міхайлавіча. Кнігу напісаў у канцы 1670-х г. для герцага Тасканы, пры двары якога тады жыў. У творы Р. звесткі пра тэр., насельніцтва, паліт. і эканам. лад Расіі, арг-цыю яе судаводства і ваен. справы; пра С.​Разіна, сведкам смяротнай кары якога ён быў; характарыстыкі грамадскіх і паліт. дзеячаў, у т. л. Сімяона Полацкага і А.​С.​Мацвеева. Шмат увагі аўтар аддае архітэктуры і культуры Масквы, у т. л. паведамляе аб прыдворным тэатры, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. У кнізе ёсць і цікавыя нататкі пра г. Магілёў.

т. 13, с. 567

РЭ́ЙХСВЕР (Reichswehr ад Reich дзяржава, імперыя + Wehr зброя, абарона),

узброеныя сілы Германіі ў 1919—35. Пасля паражэння Германіі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18 Веймарскі нац. сход 6.3.1919 прыняў закон аб стварэнні часовага Р. колькасцю 400 тыс. чал. Аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і распрацаванага на яго аснове закону ад 23.3.1921 колькасць войск скарачалася да 115 тыс. чал. (100 тыс. у сухап. войсках і 15 тыс. чал. у ВМС), рэзка абмяжоўвалася і ўзбраенне. Рэзервам Р. з’яўляліся часці пагран. аховы (каля 100 тыс. чал.) і паліцэйскія фарміраванні (200 тыс. чал.). Але кіраўніцтва дзяржавы і ўзбр. сіл патаемна вяло падрыхтоўку кадраў для арміі (напр., лётчыкаў рыхтавалі ў грамадз. авіяцыі). Значная колькасць афіцэраў і інш. ваен. спецыялістаў рыхтавалася за мяжой, у т. л. ў СССР. 16.3.1935 Германія ў аднабаковым парадку анулявала ваен. артыкулы Версальскага дагавора і ўвяла ўсеагульную воінскую павіннасць. На базе Р. пачалося фарміраванне вермахта.

т. 13, с. 567

РЭЙХСКАМІСАРЫЯ́Т (ням. Reichskommissariat),

буйная адм.-тэр. адзінка, створаная цывільнымі ням.-фаш. акупац. ўладамі на часова акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Паводле загаду А.​Гітлера ад 17.6.1941 у вер. 1941 былі створаны Р. «Остланд» (уваходзіла ч. тэр. Беларусі) і «Украіна» (уваходзілі таксама паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл.), якія падзяляліся на генеральныя акругі. На чале Р. стаялі рэйхскамісары, якія падпарадкоўваліся міністру акупіраваных усх. тэрыторый А.​Розенбергу ў Берліне.

т. 13, с. 567